2012-10-20 12:06:39

Бэнэдыкт ХVI скіраваў спачувальную тэлеграму ахвярам тэракта ў Бейруце


RealAudioMP3 20 кастрычніка Бэнэдыкт ХVI выразіў свой вялікі боль з прычыны тэрарыстычнага замаха, які адбыўся 19 кастрычніка ў Бейруце, у выніку якога загінула 8 чалавек і дзесяткі былі паранены. У спачувальнай тэлеграме ад імя Святога Айца накіраванай мараніцкаму Патрыярху Антыёхіі Бехара Раі кардынал ДзяржсакратарТарчызіо Бэртонэ адзначыў, што Папа рашуча асудзіў гэты акт насілля, які “ заўсёды спрычыняе шмат цярпенняў”. Папа просіць ў Бога “даць Лівану і ўсяму рэгіёну дар міру і згоды”. Пантыфік выказаў глыбокае спачуванне пацярпелым і іх сем’ям і моліцца аб Божай дапамозе і суцяшэнні ў іх выпрабаваннях.

Кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы назваў “абсурдным” забойства шматлікіх нявінных асоб. “Тэракт у Бейруце заслугоўвае рашучага асуджэння. Гэты бессэнсоўны гвалт не спрыяе мірнаму сужыццю ў Ліване”, - заявіў італьянскі езуіт. Ён паўтарыў словы Бэндыкта ХVI, які падчас нядаўнага апостальскага падарожжа ў гэту краіну сказаў, што “Ліван пакліканы быць пасланнікам міру і надзеі для тых, хто там жыве і для ўсяго рэгіёну” . Кс. Ламбардзі выказаў надзею, што гэты тэракт не стане нагодай да далейшага распаўсюджвання гвалту ў Ліване.








All the contents on this site are copyrighted ©.