2012-10-19 10:18:24

Арцыбіскуп Кандрусевіч аб Сінодзе і сустрэчы з Мітрапалітам Іларыёнам


RealAudioMP3 18 кастрычніка праца Сіноду біскупаў перайшла ў другую фазу – пачаліся працы ў малых моўных і тэматычных групах, у якіх прымае ўдзел таксама дэлегат ад Беларусі – арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мы папрасілі яго пракаментаваць, якім чынам адбываюцца пасяджэнні, і падсумаваць першы этап працы Сіноду. Арцыбіскуп распавёў таксама аб сваёй сустрэчы з Мітрапалітам Іларыёнам у кулуарах Сіноду і адказаў на пытанне, чаму католікі могуць павучыцца ў праваслаўных. Мітрапаліт паведаміў, што учора завяршыўся першы этап працы Сіноду, гэта значыцца завяршыліся выступленні сінадальных айцоў, а таксама гасцей, сярод якіх быў Мітрапаліт Іларыён. Была прадстаўлена вельмі шырокая мазаіка, вельмі шырокая панарама сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў свеце. Усе казалі пра неабходнасць новай евангелізацыі ў сувязі з крызісам веры, але падыход у кожнай краіне іншы, бо праблемы зусім іншыя. І таму ў гэтай мазаіцы, па словах арцыбіскупа, трэба неяк знайсці супольныя элементы для ўсяго Касцёла.

Эксцэленцыя, якія ў Вас уражанні пасля 10 дзён прац Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі?

У нашай групе найбольшы інтарэс быў выказаны наконт самога навяртання катэхізатара. Катэхізатар – гэта значыцца біскуп і святар, кансэкраваная асоба і свецкі вернік. Калі ён не будзе жыць сапраўды Хрыстом, ён не можа переказаць Яго іншым. Шмат увагі было прысвечана сям’і, а таксама цэлебрацыі сакрамэнтаў. Таксама справа ідэнтычнасці самога хрысціяніна, яго поўнай веры. Не так, каб ён быў вернікам толькі ў Касцёле, а па-за Касцёлам чыніў усё, што хоча, а потым вяртаўся і прымаў Святую Камунію.

Таксама была паднята праблема свабоды рэлігіі. Мы вельмі часта закранаем гэтую тэму, але некаторыя разумеюць яе зусім па-іншаму: што ўсё дазволена, што ўсе рэлігіі роўныя, а я выбіраю, якую хачу. Католік павінен трымацца Касцёла, а не сёння быць у Каталіцкім Касцёле, заўтра пайсці ў іншую групу і сказаць, што гэта для мяне ўсё роўна, бо ўсюды ёсць Бог. Мы ведаем такую старую формулу – “па-за Касцёлам няма збаўлення”.

З візітам у Рыме знаходзіцца Мітрапаліт Іларыён, старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату. Ён учора прысутнічаў на пасяджэннях Сіноду, таксама выступіў са сваёй прамовай. Але я хачу запытацца пра іншае: ці Вы сустрэлі Мітрапаліта ў кулуарах? Вы добра ведаеце яго, аб чым вы размаўлялі і што турбуе сёння Мітрапаліта Іларыёна і Праваслаўную Царкву?

Я сапраўды з ім спаткаўся і размаўляў, размова не была доўгай, мы проста падзяліліся думкамі аб тым, што патрыярх Кірыл нядаўна наведаў Мінск, потым таксама сучасным бачаннем секулярызацыі, на якую таксама трэба разам адказваць, ну і таксама закранулі праблему таго, што сёння адчуваецца пераслед хрысціянства, вельмі вялікі пераслед.

Мітрапаліт Іларыён даў інтэрв’ю нашай рэдакцыі і сказаў, што католікам і праваслаўным, асабліва ў кантэксце Беларусі, няма чаго дзяліць. Вы вернецеся ў Беларусь, якім чынам можна гэтае пасланне Сіноду, па-першае, перанесці на глебу Беларусі, а па-другое, як гэтыя выклікі можна было б рэалізоўваць разам з Праваслаўнай Царквой?

Ужо было нямала зроблена ў гэтым напрамку, нашы слухачы аб гэтым добра ведаюць, што ёсць вельмі многа супольных дабрачынных праектаў, разам канферэнцыі арганізуем, і адна канферэнцыя такая была і яшчэ будуць. Таксама выклікі наркаманіі, выклікі СНІДу, Чарнобыльская катастрофа – гэта ўсё разам разглядаецца, гэта такое супольнае наша сведчанне, аб чым таксама на Сінодзе вельмі-вельмі многа гаворыцца. Напэўна, далей трэба ісці. Сёння мне цяжка сказаць, але патрэбна, напрыклад, падрыхтоўка кадраў, трэба пазнаваць лепш адзін аднаго, тэалогію, пастырскія праграмы, адносна душпастырства моладзі. Таксама цяпер такая добрая акцыя рэалізуецца – кансультацыйныя пункты супраць абортаў, якія разам праводзяцца Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам. Жыццё яшчэ пакажа, але напэўна тут поле дзейнасці вельмі-вельмі шырокае.

Мітрапаліту Іларыёну тут у Рыме часта задавалі пытанне, чаму праваслаўныя могуць павучыцца ў католікаў. А ў Вас хачу запытацца, чаму мы, католікі, можам павучыцца ў праваслаўных?

Захаванню нашай хрысціянскай ідэнтычнасці, святарскай таксама ідэнтычнасці. На вуліцы ці часта мы бачым святара ў сутане ці каларадцы? Калі мы паглядзім на праваслаўнага святара, ён заўсёды ў сутане, не трэба баяцца сваёй ідэнтычнасці. Гэтаму, напэўна, мы можам павучыцца ў іх. Таксама трэба павучыцца і добра арганізаванай літургіі, трэба павучыцца таксама і той прыгажосці праваслаўных цэркваў, якія будуюцца. Гэта мы крыху згубілі. Нездарма ў нашай рабочай групе закранулі пытанне цэлебрацыі сакрамэнтаў, асабліва св. Імшы. Я заўсёды з добрай зайздрасцю гляджу на тое, што Праваслаўная Царква ў Мінску мае свой тэалагічны факультэт. Хацелася б, каб і мы мелі нешта такое, каб нашы людзі і наша моладзь маглі атрымліваць рэлігійную адукацыю, вышэйшую каталіцкую адукацыю. Не толькі тыя, хто хоча быць святаром, але і свецкія. Каб такая магчымасць была.

Размаўляў кс. А. Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.