2012-10-18 11:50:58

Кардынал Кох і Мітрапаліт Іларыён абмеркавалі стан дыялогу паміж католікамі і праваслаўнымі


RealAudioMP3 17 кастрычніка 2012 г. старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох даў абед у гонар старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна, які знаходзіцца з візітам у Рыме. У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны пытанні, якія тычацца сучаснага стану адносін паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, паведамляей сайт Маскоўскага Патрыярхату. Мітрапаліт Іларыён падзяліўся сваімі станоўчымі ўражаннямі ад Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі, на пасяджэннях якога 16 і 17 кастрычніка іерарх прысутнічаў як афіцыйны прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы.

Мітрапаліт распавёў таксама аб сваёй сустрэчы з Бэнэдыктам XVI, якая адбылася напярэдадні, і пра словы падтрымкі, якія Папа выказаў у адрас Рускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі з актам прафанацыі ў храме Хрыста Збаўцы ў лютым гэтага года. Са свайго боку кардынал Курт Кох далучыўся да слоў Пантыфіка, выказаўшы салідарнасць з іерархіяй, духавенствам і вернікамі Маскоўскага Патрыярхату. Ватыканскі іерарх таксама даў высокую ацэнку Сумеснаму пасланню народам Расіі і Польшчы, падпісанаму 17 жніўня Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і старшынёй біскупскай канферэнцыі Польшчы арцыбіскупам Юзэфам Міхалікам, назваўшы яго важным крокам наперад у адносінах паміж Цэрквамі і народамі дзвюх краін.

Бакі надалі ўвагу сучаснаму стану праваслаўна-каталіцкага тэалагічнага дыялогу ў рамках Змешанай міжнароднай камісіі па дыялогу паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам. Суразмоўцы таксама пагадзіліся з карыснасцю далейшага супрацоўніцтва ў галіне тэалагічнай адукацыі, у прыватнасці, па абмене студэнтамі паміж навучальнымі ўстановамі Маскоўскага Патрыярхату і Каталіцкага Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.