2012-10-17 16:18:00

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт споведзі: жыць без сувязяў


RealAudioMP3 Мы працягвае разважанні аб сакрамэнце споведзі. Нагадаю, што пры іх падрыхтоўцы, я карыстаюся кнігай дапаможнага біскупа Рымскай дыяцэзіі Матэо Дзупі “Споведзь: прабачэнне для перамены”. Сёння прапаную пахіліцца над прыпавесцю аб міласэрным айцы. Грэшнікі і мытнікі набліжаюцца да Езуса, бо шукаюць прабачэння і любові. Кніжнікі і фарысеі, наадварот, наракаюць, асуджаюць здалёк, раздражняюцца. Яны таксама патрабуюць прабачэння і любові, але думаюць што з’яўляюцца справядлівымі. Хочуць быць дасканалымі, а не любімымі. Не вераць у прабачэнне і міласэрнасць. Іх абурае выбар Езуса быць побач з грэшнікамі, прымаць іх і есці разам з імі. Да такога фарысея, які ёсць у кожным з нас, які асуджае і не любіць, які патрабуе справядівасці і баіцца міласэрнасці; хто думае кепска... Езус расказаў прыпавесць пра міласэрнага айца, і двух яго сыноў: марнатраўнага і вернага. Гэта прыпавесць, напэўна, больш чым усе іншыя дапамагае зразумець таямніцу любові, з якой сустракаемся падчас споведзі.

У доме, аб якім апавядаецца ў прапавесці, нешта здарылася. Нешта, у выніку чаго два браты і айцец аддаліліся адно ад аднаго. Але ў доме так не павінна быць: гэта месца ў якім мы не чужыя, не жывем у адзіноце. Прабачэнне – гэта аднаўленне таго братэрства, якое разбурае зло. Прабачэнне дапамагае знайсці Айца і радасць быцця сынамі і братамі. Калі аслабляецца слуханне айца аслабляецца таксама братэрства. Кожны пачынае думаць аб сабе, як аб востраве, мяркуючы, што збавіцца можна і аднаму. Папрасіць частку сваёй спадчыны азначае вызваліцца ад айца, жадаць жыць без яго.

Малодшы брат, захацеў зрабіць так і праз некаторы час аддаліўся. Ён не саромеўся прасіць таго, што яму належыць. Думаў аб гэтым, як аб сваім праве. Хацеў мець – казаць “маё”. Наколькі гэта з’яўляецца праўдай – калі хочам быць гаспадарамі аддаляемся ад іншых! “Дай мне тое, што мне належыць!”

А ці тое, што маеш, не патрэбна таксама і іншым? Але малодшы сын больш не думаў аб іншых. І тут пачаўся грэх – жыццё для самаго сябе. Прага валодання – гэта пачатак разбурэння сям’і. Сатана менавіта так і дзейнічае – ён той, хто раздзяляе.

Айцец быў вымушаны падзяліць маёмасць. Ён не хацеў гэтага, але быў вымушаны. Напэўна мог супярэчыць свайму сыну, але быў Айцом, а не тыранам. Ён не прымушаў нікога заставацца ў сваім доме, калі той не хацеў.
Канешне Айцец вельмі пакутаваў ад адыходу сына, але быў здольны чакаць: любіў яго і вызваліў. Трэба памятаць аб болі, які чынім Айцу. Гэта дапаможа нам быць больш свядомымі і менш эгацэнтрычнымі.

Малодшы сын напэўна думаў, што атрымаўшы “сваё” зможа самарэалізавацца. Магчыма думаў, што дом стварае для яго абмежаванні. Магчыма думаў, што можа быць самім сабой калі скажа – “маё”. Колькі падзелаў нараджаецца з жадання валодаць!

Магчыма ён баяўся свайго брата. Можа думаў, што быў больш здольным чым брат і хацеў паказаць гэта. Для гэтага меў патрэбу ў тым, каб адлучыцца. Можа прыняў гэты выклік, каб паказаць свае магчымасці. Можа думаў, што аддаліўшыся стане іншым. Як часта мы думаем, што вырашэнне праблем далёка, каб уцякаць ад сапраўдных праблем, якія ўнутры нас! Уцякаем далёка, але ў рэальнасці ад саміх сябе.

Малодшаму сыну спатрэбілася некалькі дзён на тое, каб авалодаць сваімі багаццямі і затым уцячы ў далёкую краіну. Наколькі магутная сіла матэрыялізму, якая закрывае вочы на глыбокія пачуціі, перамяняе іх, робіць далёкімі ад бліжніх. Колькі бесчалавечнасці і зла паходзіць ад людзей, якія думаюць што з’яўляюцца гаспадарамі і банальна жывуць для саміх сябе.
А што ў гэты час робіць старэйшы сын? Ён быў дома, але ў думках далёка ад Айца. Адчуваў сябе справядлівым, думаў, што зрабіў шмат. Кепска думаў, аб сваім бацьку, які ўглядаўся ўдалечыню чакаючы вяртання малодшага сына. Старэйшы, адчуваў сябе справядлівым, але ўнутры быў поўны падзелаў, варожасці да айца і брата.

Калі забываемся аб тым, што належым да аднаго дома, не можам больш з любоўю глядзець на аблічча іншага. Тут нараджаецца варожасць, насілле, нянавісць. Мы павінны спытаць саміх сябе: ці не адносіліся мы талеранта да зла, якое было ў нашых сэрцах? Ці не дазволілі ўкараніцца ў іх горычы і забабонам? Ці не вырошчвалі ў сваіх сэрцах абыякаваці да мукаў бліжняга? Ці не думалі, што зло закончыцца само па сабе? Ці не ўзрасцілі ў сэрцах зману, што не зможам жыць побач з іншымі? Мы усе з’яўляемся братамі, але так рэдка думаем аб пачуццях Айца і Яго параненай любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.