2012-10-17 17:34:55

"З сэрцам у кантакце". Евангелічная прыпавесць: гісторыя формаў і вусны пераказ (VІ)


RealAudioMP3 Я працягваю распавядаць пра прыпавесці, пра навуку Ісуса Хрыста аб Царстве Божым ў іх. Манах-бенедыктынін а. Аўгустын Янкоўскі прысвяціў гэтай тэме цэлую кнігу, якой я карыстаюся пры падрыхтоўцы гэтай праграмы. У папярэдніх перадачах мы разглядзелі ключы ад скарбонкі прыпавесцяў, якія вядомыя шматвекавой традыцыі інтэрпрэтацыі, пачынаючы ад эпохі вялікіх Айцоў Царквы. Апошнія жа часы далі нам ў рукі два зусім новых ключа, пра існаванне якіх яшчэ недаўна не здагадваліся.

Усё пачалося з пошукаў «Евангелля перад Евангеллямі», пэўнай першаснай вуснай формы. Гэта было слушана. Паколькі перад тым, як рукою першага натхнёнага аўтара, евангеліста, было запісаныя на папірусе або пергаменце першыя словы Добрай Навіны, ужо доўгі час ёй навучалі пры дапамозе жывога слова. Так хацеў Госпад. Ды і нідзе ў Евангеллях не чытаем пра наказ Хрыстовы пісаць, але чытаем: «Ідзіце на ўвесь свет і абвяшчайце Евангелле» (Мк. 16:15).

Formgeschichte (Гісторыя формаў)

У мінулым стагоддзі навуковая пратэстантская экзэгеза намагалася знайсці які-небудзь першасную форму запісу, якая б паўстала раней за пераказаны тэкст Евангелля. Гэта дало пэўныя вынікі. Уласна з лона пратэстантаў выйшаў кірунак, які здабыў сабе прызнанне не толькі біблістаў-спецыялістаў не залежна ад іх канфесійнай прыналежнасці, але больш таго, быў прызнаны і рэкамендаваны афіцыяльнай навукай Царквы, пачынаючы ад Пія XII па Другі Ватыканскі Сабор.

Гэты кірунак і сёння, бяручы пад увагу сваё паходжанне, называецца пераважна як Formgeschichte, г.зн. Гісторыя формаў, або – традыцыі вуснай пре-евангелізацыі. Англамоўныя даследчыкі карыстаюцца ўдалым грэцкім тэрмінам морфакрытыка.

Гэты кірунак намагаецца рэканструяваць паасобныя этапы першаснага вуснага пераказу навучання Ісуса і Апосталаў, да моманту, як яно было запісана і прыняло постаць вядомых нам Евангелляў. Падставай для стварэння гэтага кірунку было сцверджанне, сфармуляванае Дыбеліўсам, адным з заснавальнікаў Гісторы формаў: «На пачатку было казанне» (M. Dibelius).

Хоць гэты метад і з'яўляецца новым у навуковай экзэгезе, аднак першыя яго тэзісы можна знайсці і ў найстарэйшым Паданні. Папій Ерапольскій (+ каля 130 году) больш за ўсё цаніў «жывы і трывалы голас» першаснай апостальскай катэхезы, той Добрай Навіны, што была пра Ісуса (Лк. 24: 19, 27; Дзеі 18:25; 28:31). Гэта вуснае навучанне было галоўным заданнем Апосталаў, як лаканічна гаворыць пра тое св. Павел: Таму вера – ад слухання, а слуханне – праз слова Хрыстова (Рым. 10:17).


Сведчыць, пераказваць і захоўваць

Сведчыць, абвяшчаючы ўчынкі, словы і вымаганні Ісуса Хрыста – гэта асноўны прынцып г.зв. пре-евангелічнага этапа, які акрэсліў характар вуснага пераказу Евангелля.

Сведчыць, пераказваць і захоўваць – вось дэвіз апостальскай дзейнасці, які акрэсліваў усю пре-евангелічную катэхезу, якая з'яўляецца для нас адначасова парукай прынцповай аўтэнтычнасці запісанага слова, як эха жывых слоў Ісуса Хрыста.

Часовы пласт выключна вуснага пераказу не з'яўляецца тоўстым. Ад місійнага наказу «ідзіце і навучайце...» да запісу першага Евангелля прайшло двадцаць з нечым год. Гэта не шмат, але той перыяд быў вельмі багаты ў жыцці маладой Царквы, перыяд інтенсіўнага чым калі-небудзь дзеяння Святога Духа, пярыяд абвяшчэння Добрай Навіны ў розных асяроддзях, з іх рознымі цяжкасцямі і патрэбамі.

Жывыя словы Ісуса, выказаныя на розныя тэмы і ў розных літаратурных гатунках, менавіта ў той час паволі кшталтуюцца ў зборы, якія несумненна часткова ўжо запісваліся. Такую выснову мы можам зрабіць з словаў пралогу Трэцяга Евангелля: Паколькі многія ўжо спрабавалі ўдакладніць аповед пра падзеі, якія ў нас адбыліся, як пераказалі нам тыя, што ад пачатку самі бачылі і былі паслугачамі Слова (Лк. 1:1-2).







All the contents on this site are copyrighted ©.