2012-10-17 17:35:17

"З сэрцам у кантакце". Евангелічная прыпавесць: гісторыя редакцыі (VІІ)


RealAudioMP3 Нагадаю, што ў папярэдніх праграмах я распавёў пра тое, якім чынам на нашае разуменне прыпавесцяў уплываюць такі сучасны метад даследванняў, як Гісторыя формаў. Ён указвае нам на існаванне пласту вуснага пераказу Евангелля на першапачатковым этапе. Аднак наступіў урэшце час поўнага запісу, або лепей сказаць, час свядомай рэдакцыі матэрыялаў вуснай катэхезы, якая ўжо часткова была запісана, як збор гатовых літаратурных адзінак. Рэдакцыя гэта была асаблівая. Сам запіс дзеяў, учынкаў і словаў Ісуса не ставіў сваёй мэтай быць выключна храналагічным.

Евангелісты – гэта рэдактары, якія мелі свае асноўныя тэалагічныя ідэі. Гэтыя ідэі сёння мы ўсё больш адкрываем з вялікай карысцю для больш глыбокага разумення той поўні, якую аб'яўляюць сабой нам сённяшнія Евангеллі.

Redaktiosgeschichte (Гісторыя рэдакцыі)

Гэтым чарговым этапам дзеяў пераказу учынкаў і словаў Ісуса займаецца яшчэ адзін накірунак даследванняў евангелічнай традыцыі. Гэты кірунак, зноў жа з-за краіны свайго паходжання, пераважна называецца Redaktiosgeschichte – гісторыя рэдакцыі.

Гэты нурт развіваўся больш гарманічна і паслядоўна, чым яго папярэднік – нурт гісторыі формаў. Розніца была ў тым, што даследванні ў большай ступені чым папярэднія датычылі сённяшняга тэкста з мэтай адкрыцця ў ім – на колькі гэта магчыма – слядоў рэдакцыйных аперацый, якія былі зробленыя ў папярэдніх запісах.

Не ўваходзячы тут у падрабязнасці метаду, якім карыстаюцца ў гэтай галіне спецыялісты, мы падаем толькі ключавыя словы, якія акрэсліваюць кірунак пошукаў новых ключоў інтэрпретацыі ад скарбонкі прыпавесцяў. Такім галоўным ключавым словам з'яўляецца акрэсленне жыццёвага кантэксту кожнай літаратурнай адзінкі ў Евангеллях, а значыць і паасобных прыпавесцей.

Кантэкст гэты (Sitz im Leben) - як гэта вынікае з таго, што мы прыгадалі вышэй аб дзеях пераказу вуснай катэхізацыі – ёсць патройны: у жыцці самога Ісуса Хрыста, у жыцці ранняй Царквы, у жывым апрацаванні матэрыяла Евангелістам-рэдактарам. Давайце больш падрабязна гэты патройны кантэкст разгледзім.
У кантэсце жыцця Ісуса кожная прыпавесць больш-менш звязаная з развіццём Ягонага навучання, часта з самім Ягоным жыццём. Знайсці гэты фон – значыць заглыбіцца у думку Настаўніка, бо яна дапасавана да Ягонай сітуацыі.

У кантэксце жыцця ранняй Царквы, якая ўсцяж па-рознаму і ў розных асяроддзях абвяшчала Навіну, што была пра Ісуса, то тут навучанне ў прыпавесцях прымала часамі трошкі іншае афарбаванне ў залежнасці ад патрэбаў слухачоў. Часта можна назіраць нязначнае змяшчэнне першаснага акцэнта, што адначасова падцверджвае каштоўнасць даннага аўтэнтычнага Госпадавага навучання.

У кантэксце жывога апрацавання кожнага асобнага Евангеліста, адна і тая ж прыпавесць атрымлівае часам трошкі іншыя рамкі, чым у іншых. Часам Евангеліст акцэнтуе нейкую іншую падрабязнасць, што заўсёды залежыць ад галоўнай тэалагічнай ідэі, якую ён хацеў падкрэсліць або ад сваіх упадабанняў. Усё гэта – трэба памятаць – адбываецца пад натхненнем Святога Духа (пар. 2 Цім. 3:16; 2 Пят. 1:21), які хоча вучням прыгадаць усё, што Ісус сказаў (пар. Ян. 14:26).

Новыя накірункі даследванняў

Пасля марфакрытычных даследванняў і даследванняў у галіне гісторыі рэдакцыі паўсталі (часткова як рэакцыя на іх) новыя накірункі даследванняў біблійнага тэксту. Мова ідзе пра семіётыку і структуралізм, якія, абстрагуючыся ад усялякай гісторыі, канцэнтруюцца на гатовым тэксце. Гэтыя накірункі ў даследваннях карыстаюцца тымі правіламі, якія кіруюць выраженнем зместу і структурай апавядання.

Адкрыццё памкненняў ранняй Царквы ў жаданні паслугоўвацца словам Хрыстовым і, далей, адкрыццё асноўных ідэй Евангелістаў-рэдактараў мае яшчэ адно практычнае значэнне. Ранняя Царква і яе Евангелісты паглыблялі жывое слова Божае і дзейснае (Геб. 4:12), а натхняў іх Святы Дух, Суцяшальнік.

Мы сёння працягваем гэту самую дзейнасць Царквы. Усё, што сёння нам дазваляе паглыбляць слова Госпадавае, павінна нас адначасова правакаваць да пастаноўкі сабе пытання: «А што гэтае слова азначае для мяне?». Толькі тады чытанне гэтага слова ў поўні прынясе плён.







All the contents on this site are copyrighted ©.