2012-10-16 16:47:15

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Якую таямніцу хаваюць кумранскія скруткі?


RealAudioMP3 У 1947 г. на берагах Мёртвага мова, у адной з пячор Кумранскай пустыні, двума хлопцамі-бедуінамі была знойдзена незвычайная знаходка. Шукаючы казу, якая адбілася ад статку, яны заўважылі вузкую шчыліну ў скале. Яна вяла ў невялічкую пячору, а дакладней карыдор. Тут, сярод смецця і раскіданага глінянага посуду, стаялі восем закрытых збанаў. Усе яны аказаліся пустымі за выключэннем аднаго – у ім знаходзіліся тры скураныя скруткі, абгорнутыя старой тканінай. Іх унутраны бок утрымліваў на сабе літары. Бедуіны былі не адукаванымі і не змаглі зразумець, што перад імі, але аб адным яны ведалі дакладна – гэта рэчы, якія можна выгодна прадаць.

Так пачаўся доўгі шлях таямнічых скруткаў, якія праз два гады сталі сапраўднай сусветнай сенсацыяй. Частка з іх патрапіла да сіра-праваслаўнага архіепіскапа Іерусаліма Афанасіаса Самуіла. Ён зразумеў, што перад ім фрагменты тэкстаў Старога Запавету, напісаныя на старажытнаяўрэйскай мове. Па яго просьбе спецыялісты з Амерыканскай школы ўсходніх даследаванняў у Іерусаліме правялі экспертызу. Вынікі яе былі сенсацыйнымі – тэксты на скрутах былі напісаны ў І ст. н.э.

Навукоўцы пачалі шукаць іншыя фрагменты манускрыптаў. У выніку раскопак было знойдзена каля 500 фрагментаў пергаменту са старажытнымі запісамі. Паводле навукоўцаў калісьці тут было каля 50 сасудаў і каля 150 скруткаў, частка з якіх была разваравана яшчэ ў старажытнасці. Акрамя таго, былі адкрыты яшчэ 11 падобных пячор побач.

Канешне, першае пытанне, якое ўзнікла: што за людзі іх пакінулі там? Каму магло прыйсці ў галаву пасяліцца ў мёртвай пустыні, сярод голых камяністых скал?
Трэба адзначыць, што у выніку раскопак быў адкрыты цэлы комплекс памяшканняў. Ён быў пабудаваны яшчэ ў ІІ ст. да н.э., а людзі ў ім жылі прыкладна да 70 г. пасля нараджэння Хрыста – да разбурэння Іерусаліма ў выніку яўрэйскага паўстання. Хутчэй за ўсё скруткі былі імі схаваны ў выніку тых трагічных падзей, каля 66-68 гг., незадоўга да прыходу рымскага войска.

Але кім былі гэтыя людзі? Частка навукоўцаў лічыць, што тут жылі члены яўрэйскай секты эсэяў. Аб гэтым пісаў у старажытнасці яшчэ Пліній Старэйшы: “На захад ад Мёртвага мора, на некаторай аддалёнасці ад шкоднай зоны каля берага і па-за ёй, жылі эсэі – народ абасоблены і самы дзіўны з усіх, без жанчын, без любові, без гошай, і сярод пальмаў. Аднак, яны заўсёды абнаўляюцца, і да іх прыходзяць новыя – людзі, якія стаміліся ад жыцця ці якія шукаюць іншага вобразу існавання. Такім чынам, ужо тысячы стагодзяў існуе гэты незвычайны народ, у якім ніхто не нараджаецца”.

Праліць святло на таямніцу кумранскіх скруткаў змаглі ў першую чаргу яны самі. Для вывучэння сабранага матэрыялу была створана спецыяльная даследчая група, у якую увайшлі спецыялісты з розных краін свету. Стан манускрыптаў быў вельмі кепскі, таму, каб разшыфраваць тое, што ў іх утрымлівалася спатрэблілася шмат часу і сіл.

Аднак, калі вучоныя, яшчэ толькі пачалі разгадваць іх таямніцу, два “незалежных” даследчыкі, француз і англічанін, паспяшалі апублікаваць сваё уласнае “сенсацыйнае адкрыццё”. Паводле іх, кумранскія скруткі ўтрымлівалі ў сабе інфармацыю, якая абвяргала ўсё, чаму навучае Касцёл! Імі была напісана кніга “Таямніца Мёртвага мора”. Яна на працягу некалькіх гадоў была адным з бестсэллераў – было прададзена каля 3 млн. асобнікаў ва ўсім свеце.


Пісьменнікі напісалі, што паводле кумранскіх скруткаў, эсэі чакалі прышэсця “настаўніка справядлівасці”, які быў укрыжаваны і пахаваны. Нібыта правобраз Езуса Хрыста ўжо існаваў у эсэяў. “Рукапісныя скруткі Мёртвага мора – самы вялікі выклік хрысціянскаму навучанню з часоў з’яўляення дарвінізму!” – казалі аўтары гіпотэзы.

Канешне, няма ніякіх сумніваў у тым, што яўрэйскія секты існавалі яшчэ да ўзнікнення хрысціянства. Але, тое, што было напісана ў знойдзеных манускрыптах не абвяргае ні водзін з хрысціянскіх дагматаў. Канешне, некаторыя паралелі з хрысціянствам у есэяў былі. Але гэта лёгка тлумачыцца супольным паходжаннем ад іўдаізму. “Такім чынам, калі эсэйства ўтрымлівае некаторыя элементы, што ўгнаілі глебу, на якой затым узнікла хрысціянства, то не менш відавочна, што хрысціянства ўяўляе сабой нешта абсалютна новае, нешта, што можна патлумачыць толькі асобай Езуса Хрыста”, - піша з гэтай нагоды адзін з самых буйных даследчыкаў кумранскай праблемы Ж. Мілік, супрацоўнік парыжскага Нацыянальнага цэнтра навуковых даследаванняў.

Так чым на самой справе цікавыя кумранскія манускрыпты? Перш за ўсё яны абагацілі каштоўнымі фактамі агульную гісторыю і гісторыю рэлігій, мовазнаўства, палеаграфію, гісторыю літаратуры і права. Сёння вядома, што большасць кумранскіх знаходак утрымлівае біблійныя тэксты і апокрыфы. У іх ёсць інфармацыя аб календары эсэяў, паводле якога святкаваў Пасху Езус, аб дабраахвотным цэлібаце жанатых жанчын, што тлумачыць чысціню Панны Марыі і іншыя факты, якія дапамагаюць лепш разумець Святое Пісанне і эпоху, калі жыў Хрыстус.

Паводле кнігі Міхаэля Хэзэманан "Contro la Chiesa" і артыкула А.Ю. Нізоўскага "Таямніца кумранскіх скруткаў" падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.