2012-10-15 14:08:24

“Еўрапейскі агляд”: Для чаго Год веры?


RealAudioMP3 Для чаго быў абвешчаны Год веры? Гэта пытанне закрануў кс. Берндт Хагэнкорд, кіраўнік Нямецкай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Ён падкрэсліў, што Год веры меў усе элементы, якія звычайна суправаджаюць вялікія падзеі: урачыстае адкрыццё і запланаваныя ўрачыстасці заканчэння, кульмінацыйныя моманты, спецыяльна створаны лагатып і г.д. Але ў той жа час, Год, прысвечаны акрэсленай тэме, заўсёды сустракаецца з рызыкамі, характэрнымі напрыклад для Сусветных дзён моладзі. “Прысутнасць тысяч удзельнікаў, дух падзеі, музыка, асаблівая атмасфера могуць змяніць людзей і іх успрыняцце, але затым, пасля іх вяртання дамоў, да штодзённасці, ім становіцца складана захаваць гэты дух перажытага. Аналагічна можа адбыцца і з асноўнымі падзеямі, якія адзначаць Год веры”, - папярэдзіў кс. Хагенкорд.

На яго думку, вера і, асабліва, вера штодзённая, патрабуюць нечага большага чым проста ўрачыстых падзей. “Вера патрабуе часу, сведчання, перадачы. Вера жадае змяняць людзей. Дух моманту – нават прыгожага – не дастатковы. Год веры не можа стаць толькі калекцыяй падзей”, - падкрэсліў нямецкі езуіт.

Ён нагадаў словы Папы аб тым, што Год веры павінен стаць імпульсам для Касцёла, павінен абудзіць жывую веру. “Сустрэчы, святыя Імшы, канцэрты не вырашаюць адкрытых пытанняў. Але могуць праліць на іх святло”, - адзначыў кс. Хагеркорд і дадаў, што Касцёлу добра было б паклапаціцца на працягу ўсяго года аб пытаннях абвяшчэння веры ў сучасную эпоху. “Менавіта гэта хоча стымуляваць Год веры. Усё астатняе павінна адбыцца як заўсёды – у штодзённасці”, - адзначыў езуіт.








All the contents on this site are copyrighted ©.