2012-10-15 14:02:40

Кардынал Равазі: калі я чую слова “сабор”, сэрца пачынае біцца мацней


RealAudioMP3 Кардынал Джанфранка Равазі падзяліўся сваімі ўспамінамі пра падзеі апошняга Сабору, у дні інаўгурацыі якога будучы іерарх распачаў сваю вучобу ў Рыме на Папскім Грыгарыянскім універсітэце. Старшыня Папскай рады па культуры адзначыў, што нават здалёк назіраючы за падзеямі сабору бачыліся змены, напрыклад, у метадах і акцэнтах выкладання прафесараў ва ўніверсітэтах. “Сабор вызначыў маё жыццё. Да сённяшняга дня, калі я чую слова “сабор”, яшчэ мацней б’ецца маё сэрца і я адчуваю сябе абавязаным больш годна перажываць сваю веру”, - прызнаўся кардынал.

Падсумоўваючы падзею, якая мела месца 50 гадоў таму, кардынал Равазі вызначыў тры яе асаблівасці. Першая з якіх – абнаўленне і вяртанне да вытокаў, гэта рух у будучыню разам са светам, які змяняецца, але, у той жа час, улічваючы пачаткі хрысціянства. З пункту гледжання кардынала, гэта першая асаблівасць была галоўнай ідэяй ІІ Ватыканскага Сабору. Часам рэалізацыя гэтага ідэалу адбывалася захутка, прыводзячы да скажэнняў, звярнуў увагу ватыканскі іерарх. Другая ідэя, якую вызначыў Сабор – першынства Божага Слова.

Апошняя ж – на думку кардынала Равазі – дыялог і канфрантацыя са светам. Хоць некаторыя рэаліі грамадска-культурнага жыцця з таго часу змяніліся, але само стаўленне Сабору да іх, выказанае ў канстытуцыі “Gaudium et spes”, надалей застаецца прыкладам дзейнасці для ўсяго Касцёла, адзначыў старшыня Папскай рады па культуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.