2012-10-14 13:33:51

Кс. Пётр Бялевіч: шчаслівыя – гэта не значыць без праблем


RealAudioMP3 Праблемы ў сем'ях і пытанні біяэтыкі застаюцца вельмі актуальнымі для беларускага грамадства і патрабуюць тэрміновага вырашэння. Касцёл у нашай краіне не стаіць у баку ад іх, а праводзіць актыўную душпастрыскую працу ў гэтай сферы. Што ён робіць для таго, каб адказаць на выклікі звязаныя з ростам колькасці разводаў і абортаў? Якая літаратура можа дапамагчы ў вырашэнні праблем у сямейным жыцці? У чым сакрэт шчасця і чаму не трэба баяцца ствараць вялікія сем'і. На гэтыя пытанні ў інтэрв'ю нашаму радыё адказаў кс. Пётр Бялевіч, душпастыр сем’яў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Вітаю Вас, кс. Пётр! Афіцыйная статыстыка ў Беларусі кажа аб пастаянным росце колькасці разводаў і абортаў. Як Каталіцкі Касцёл дапамагае вырашыць гэту праблему?

Вы самі ведаеце, што у кожнай парафіі душпастыр пастаянна размаўляе з людзьмі, раіць ім не разводзіцца, не забіваць дзетак. Гэта навучанне Касцёла, якое перадаецца пастаянна. Мы, як душпастыры сем’яў, хочам данесці гэта навучанне да ўсіх, і не толькі да тых, хто ходзіць у Касцёл, але таксама да ўсяго народа. Для гэтага мы выкарыстоўваем тэлебачанне, радыё. Нас запрашаюць, пытаюцца пра сямейныя справы, разводы. Здараецца, што нават выступаем у розных ток-шоу на дзяржаўным тэлебачанні, каб проста данесці навучанне Касцёла, якое – што вельмі цікава – людзі з вялікім задавальненнем слухаюць. Гэта незвычайна! На Захадзе неяк часцей крытыкуюць Касцёл, а у нас, дзякуй Богу, часцей ідзе хваляць. Гэта добра, бо навучанне Касцёла аб сям’і ці адносна жыцця, ад зачацця аж да натуральнай смерці, у сучасным свеце адзінае вельмі выразнае, цудоўнае і добрае для чалавека.

Кс. Пётр, як Вы думаеце, ці дастаткова існуе сёння ў Беларусі літаратуры, якая б магла дапамагаць сем’ям выходзіць з крызісных сітуацый. Можаце параіць нейкія асаблівыя выданні і аўтараў?

Гэтай літаратуры не вельмі многа. Мы маем некаторых вельмі добрых аўтараў ці напрыклад, пераклад на рускую мову кніг Яцэка Пулікоўскага. Яны падабаюцца чытачам у Беларусі – нават людзі, не звязаныя з Касцёлам, з вялікім задавальненнем іх чытаюць. На рускай мове гэта “Стоит быть отцом”, “Стоит полюбить тёщу”, “Крокодил для любимой” і “Жить в согласии с человеческой природой”. Ёсць і іншыя аўтары. Іх кнігі даступныя іх можна набыць у Мінску, Гродна, іншых гарадах, парафіях, у ксяндзоў іх таксама дастаткова многа. Я ведаю, што людзі чытаюць і перадаюць іх адно аднаму. Я ўпэўнены, што адна такая кніга часам наведвае сем’яў 10 ці нават 20 – яны ходзяць з рук у рукі!

Трэба займацца і казаць пра сямейныя справы, годнасць чалавечага жыцця. Навука ўжо даказала даўно, што з самага зачацця чалавек з’яўляецца чалавекам, што з двух клетак, якія з’ядналіся, не выйдзе нічога іншага, чым чалавек.

На думку душпастыра сем’яў, у чым сакрэт шчасця сям’і?

У любові. Павінна быць любоў, але ёй трэба вучыцца. Вельмі цудоўную гісторыю мне расказала адна жанчына, якой ужо 92 гады. Яна казала так: “7 гадоў таму памёр мой муж”. І першыя словы, якія мяне вельмі ўразілі: “Ён быў лепшы за мяне!”. Яна расказала: “Было вельмі цяжка, бо мы пажаніліся адразу пасля вайны. Ён і я былі сіротамі. Нам ніхто не расказаў, як павінна выглядаць сям’я. Мы нічога не ведалі, але самі вучыліся, адзін ад аднаго. Нам было цяжка, бо яго характар быў цвёрды. Як ён сказаў штосці, то я баялася нават падумаць інакш. Але мы любілі адзін аднаго і самае галоўнае – мы прабачалі. У гэтым было нашае шчасце, мы пражылі разам больш за 50 гадоў, і былі шчаслівыя”.

Шчаслівыя – гэта не значыць без праблем. Любоў – гэта таксама крыж, і трэба яго несці разам. Не скідаць адказнасць на жонку, як часта бывае, нават у дробных справах. Напрыклад, калі дзіцё прыйдзе да бацькі і скажа: “Тата, можна пайсці пагуляць? А ён адказвае: “Ідзі ў мамы запытайся.” Так ён скідае з сябе адказнаць. А ведзь мог бы сказаць: “Ідзі альбо не ідзі. Ці схадзі маці дапамажы!”. А ён кажа: “Не мая справа”.

Трэба не баяцца любіць і яшчэ больш не баяцца прабачаць. Вось у гэтым шчасце – узяць крыж свой і несці яго. Без Бога гэта не магчыма, бо крыніца любові – гэта Бог. Трэба таксама прыйсці да веры. Напрыклад, вера жонкі можа дапамагчы таму, каб муж паверыў. Калі яна будзе развівацца сама, то падцягне таксама і свайго мужа.

Кс. Пётр, у Вас ёсць магчымасць непасрэдным чынам звярнуцца да беларускіх сямей. Што бы Вы хацелі ім сказаць?

Бог вас любіць і Ён вельмі добры да вас. Аб гэтым трэба памятаць. Бог любіць таксама кожнага зачатага чалавека. Ніколі не сумнявайцеся, нарадзіць дзіця ці не нарадзіць. Не бойцеся, калі прыйдуць цяжкасці, напрыклад у цяжарнасці. Трэба памятаць: над урачом заўсёды ёсць Пан Бог. Гэта наконт жыцця.

Наконт адносін мужа і жонкі хачу сказаць: найлепшай жонкай для цябе, мужчына які цяпер мяне слухае, з’яўляецца твая жонка. Найлепшы муж для цябе, дарагая жанчына, якая мяне слухаеш – гэта твой муж. Не думай і нават не задумвайся, што магчыма з іншым (ці іншай) я быў б (ці была б) больш шчаслівым. Няпраўда! Калі Бог благаславіў ваш саюз, то ён святы. І толькі са сваім мужам (ці жонкай) можаш быць збаўлена. Не здавайцеся перад цяжкасцямі. Любіце і прабачайце. Жадаю адчуць гэтую Божую Любоў у вашых сем’ях.

Жадаю ўсім сем’ям дзетак, колькі Пан Бог хоча даць. Жадаю прыняць іх у любові, не абараняцца ад іх з дапамогай розных сродкаў, пры гэтым грахоўных. Чаму я так кажу? Бо я сам шосты ў сям’і. Нас сем дзяцей было ў бацькоў. Я ведаю, што такое вялікая сям’я і якое гэта шчасце. Гэта не страшна. Калі з Езусам, усё магчыма перамагчы. Вось тое, што я хачу сказаць беларускім сем’ям.

Дзякуй за размову. Жадаю поспехаў у вашай душпастырскай працы.

Дзякуй вялікі. З Богам.

Размаўляла Ганна Страшкевіч








All the contents on this site are copyrighted ©.