2012-10-14 13:12:35

Бэнэдыкт XVI: багацце не дае шчасця, трэба вучыцца ім карыстацца (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Гісторыя Касцёла поўная прыкладаў жыцця багатых людзей, якія карысталіся уласнай маёмасцю евангельскім чынам, дасягаючы святасці”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI перад малітвай “Анёл Панскі” 14 кастрычніка. Звяртаючыся да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра ў Рыме і каментуючы сённяшні фрагмент Евангелля Святы Айцец падкрэсліў, што “багатыя не павінны грэбаваць сваім збаўленнем нібыта ўжо асуджаныя, не павінны кідаць сваё багацце ў мора і асуджаць яго як перашкоду ці успрымаць як варожае для жыцця, але павінны навучыцца карыстацца ім”. “Дарагія браты і сёстры, – звярнуўся да сабраных Папа – Галоўная тэма Евангелля гэтай нядзелі (Мк 10,17-30) – багацце. Езус вучыць, што багатаму вельмі цяжка ўвайсці у Валадарства Божае, але магчыма; сапраўды, Бог можа захапіць сэрца чалавека, які валодае вялікімі багаццямі і натхніць яго да салідарнасці і дзялення з тымі, хто мае патрэбу, з беднымі, і так увайсці ў логіку дара. Такім чынам чалавек становіцца на шлях Езуса Хрыста, які, як піша апостал Павел, “з багатага, якім быў, стаў бедным для вас, каб вы сталі багатымі дзякуючы Яго беднасці” (2 Кар 8,9).

Як часта адбываецца ў Евангеллях, усё пачынаецца ад адной сустрэчы: у дадзеным выпадку, сустрэчы Езуса з тым, хто “меў вялікую маёмасць” (Мк 10,22). Ён быў чалавекам, які ад самай сваёй маладосці верна выконваў усе запаведзі Божага Закона, але да гэтага часу не знайшоў сапраўднага шчасця; таму ён пытаўся ў Езуса, што рабіць, “каб унаследаваць жыццё вечнае” (Мк 10,17). З аднаго боку ён быў прываблены, як усе, поўняй жыцця; з іншага, маючы звычку лічыць уласныя багацці, думаў, што таксама вечнае жыццё можна, нейкім чынам “набыць”, магчыма праз захоўванне нейкай асаблівай запаведзі. Езус, разумеў глыбокае жаданне, якое меў гэты чалавек, і – як адзначае евангеліст – паглядзеў на яго з любоўю: позірк Бога (Мк 10,21). Але Езус зразумеў таксама слабае месца гэтага чалавека: прывязанасць да шматлікіх дабротаў; таму прапанаваў яму раздаць усё бедным, каб яго багацце, і такім чынам сэрца, было больш не на зямлі, а ў небе і дадаў: “Прыходзь і ідзі за Мной!” (Мк 10,22). Той, аднак, замест таго, каб з радасцю прыняць запрашэнне Езуса, адышоў маркотны (пар. Мк 10,23), бо не здолеў аддаліцца ад багаццяў, якія ніколі не змогуць падараваць шчасце і вечнае жыццё.

Тут Езус скіроўвае да сваіх вучняў, а таксама да нас сёння, сваё навучанне: “Як цяжка, тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае” (Мк 10,23). Пасля гэтых слоў вучні здзівіліся; а яшчэ больш пасля таго, як Езус дадаў: “Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму увайсці ў Валадарства Божае!”. Але ўбачыўшы іх разгубленасць кажа: “У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма” (пар. Мк 24-27). Св. Клемент Аляксандрыйскі так каментаваў гэты фрагмент: “Прыпавесць навучае багатых таму, што яны не павінны грэбаваць сваім збаўленнем нібыта ўжо асуджаныя, не павінны кідаць сваё багацце ў мора і асуджаць яго як перашкоду ці лічыць варожым для жыцця, але павінны навучыцца карыстацца ім і атрымаць жыццё” (“Quale ricco si salvera?”, 27, 1-2). Гісторыя Касцёла поўная прыкладаў багатых людзей, якія выкарыстоўвалі ўласную маёмасць евангельскім чынам, дасягаючы таксама святасці. Узгадаем толькі св. Францішка, св. Альжбету Венгерскую ці св. Карла Барамея. Панна Марыя, Сябдзіба Мудрасці, дапамажы нам прыняць з радасцю запрашэнне Езуса, каб увайсці ў поўню жыцця.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа расказаў вернікам, што сёння ў Празе адбылася беатыфікацыя Фэдэрыка Бахштэйна і трынаццаці яго паплечнікаў з ордэна францішканаў. Яны былі забіты ў 1611 г. за сваю веру. “Гэта першыя благаслаўлёныя ў Годзе веры і яны з’яўляюцца мучанікамі: яны нагадваюць нам, што верыць у Хрыста азначае быць гатовым таксама і пакутаваць разам з Ім”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.