2012-10-14 13:33:11

Арцыбіскуп Кандрусевіч аб Сінодзе: мэта адна, але шляхоў шмат


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўжо на працягу тыдня прымае ўдзел у працах Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі. Ён падзяліўся з намі сваімі назіраннямі і думкамі ў сувязі з тым, што адбывалася на асамблеі. Таксама іерарх звярнуўся да сінадальных айцоў са сваёй прамовай, у якой закрануў тэму важнасці СМІ для новай евангелізацыі. Ваша Эксцэленцыя! Прайшоў тыдзень, шмат чаго адбылося на Сінодзе. Хачу запытацца ў Вас перш за ўсё аб Вашым выступленні. Аб чым Вы казалі, якая рэакцыя была ў біскупаў на Ваша выступленне?

Кожны біскуп мае права выступіць не больш, чым на 5 хвілін. Гэта складана, таму што, калі больш, то проста выключаецца мікрафон і ніхто нічога не чуе. І гэта не вельмі добра ўспрымаецца аўдыторыяй. Сваё выступленне я прысвяціў сродкам масавай камунікацыі. Я глыбока перекананы ў тым, што сёння “найбольшай” амбонай і самым важным арэапагам абвяшчэння Евангелля з’яўляюцца менавіта мас-медыя. Мы рады, што ў нас, асабліва ў гарадах, шмат людзей прыходзіць у Касцёл, але гэта кропля ў моры ў параўнанні з тым, колькі не ідзе, колькі адышлі ад веры, колькі ўвогуле не чулі пра Бога. І адна хвіліна на радыё, тэлебачанні, тэкст у інтэрнэце могуць больш зрабіць, чым казанне ў Касцёле. Хаця, патрэбна адно і другое. Таму я выступіў на гэту тэму.

Я распавёў пра сітуацыю з мас-медыя ў Беларусі, каталіцкімі мас-медыя. Мэта новай евангелізацыі – прывесці чалавека да Езуса Хрыста. І тут у СМІ вялікая праца. Мы павінны рыхтаваць кадры, адукоўваць людзей, рыхтаваць іх не толькі прафесійна, але і духоўна, таксама трэба працаваць са свецкімі медыя, развіваць межканфесійны, межрэлігійны дыялог, што было не раз моцна падкрэслена на Сінодзе.

Амаль што ўсе госці, якія прадстаўляюць розныя хрысціянскія Цэрквы, кажуць, што нам патрэбна супольнае сведчанне. Так шмат людзей, якія былі пахрышчаны, але адышлі ад Бога. І таму сёння перад Касцёлам стаіць заданне хрысціць не толькі тых, хто знайшоў Бога ўпершыню, гэта называецца першая евангелізацыя. Але і навяртаць тых, хто быў пахрышчаны. Напэўна, сродкі масавай камунікацыі не з’яляюцца адзіным лекам на вырашэнне гэтай праблемы, шляхоў шмат. Аднак гэта адзін з такіх эфектыўных сродаў.

Выступленне было прянята вельмі добра. Многія біскупы з Еўропы і Лацінскай Амерыкі проста падыходзілі падзякаваць. Асабліва адчувалася падтрымка і такое добрае здзіўленне, што нягледзячы на тое, што Касцёл у Беларусі перажыў 70 гадоў пераследу, і мы толькі 20 гадоў жывем іншым жыццём. За гэты час удалося заснаваць і два выдавецтвы, і часопісы, і газеты таксама; імша на радыё, на тэлебачанні мы маем шмат праграм. Гэта ўразіла ўсіх, гэта пашана для Касцёла і да таго, што ён чыніць у справе евангелізацыі, выкарыстоўваючы сродкі масавай камунікацыі.

- Мне здаецца, што вынікам Вашага выступлення, у якім Вы засяродзіліся на сродках масавай камунікацыі, было Ваша вельмі ганаровае прызначанне ў Сінадальную камісію па інфармацыі.

Гэта быў, сапраўды, вялікі сюрпрыз, бо пасяжданне ўжо завяршылася. І апошняе слова перад малітвай Святога айца мае генеральны сакратар, фарміруюцца камісіі. Напрыканцы генеральны сакратар Сіноду, арцыбіскуп Мікола Этэравіч сказаў, што сфармавана камісія па мас-медыях і вылічаў членаў камісіі, у тым ліку мяне. Галоўным заданнем гэтай камісіі з’яўляецца ў вызначаныя дні ісці ў Залу Друку Апостальскай Сталіцы і там распавядаць пра працу Сіноду, там прадстаўляць афіцыйную пазіцыю Касцёла, пазіцыю Сінода. Таму вельмі прашу маліцца, каб я добра яе прадстаўляў, ну і адказваў на пытанні журналістаў.

- Эксцэленцыя, прайшоў ужо тыдзень працы Сінода, вызначаліся пэўныя накірункі, з’явіліся пэўныя тэндэнцыі, куды ідзе Сінод?

Найперш, кірунак задаў Папа, які, распачынаючы Сінод, сказаў, што мэта новай евангелізацыі – гэта асабістае спатканне чалавека з Езусам Хрыстом. Сінод стараецца ў выступленнях шукаць адказы на гэтыя пытанні – якім чынам прывесці чалавека да Езуса Хрыста? І тут зразумела ўсім, што найперш трэба распачаць з самаго сябе. Ад самаго евангелізатара, якім з’яўляецца біскуп, святар, кансэкраваная асоба і свецкі вернік. Ад свайго навяртання, каб у сэрцы быў Езус Хрыстус.

Далей гаворыцца пра сям’ю. Сям’я павінна быць такой стартавай пляцоўкай для евангелізацыі. Далей пра парафя. Парафія – гэта месца, дзе збіраецца сам Касцёл як народ Божы і вядзе размовы, дыялог у сферы культуры і навукі, дыялог з няверуючымі, аб спорце таксама. Спорт таксама можа зрабіць свой уплыў у новую евангелізацыю.

Яшчэ не завяршыліся выступленні, на наступным тыдні яны працягнуцца, але ўжо склаліся такія практычныя кірункі. Я быў ужо на шасці сінодах, гэта мой сёмы сінод, але мне здаецца, што гэты больш дынамічны, бо мы закранаем вельмі важную справу. Перад хрысціянствам стаіць пытанне “быць або не быць”. І ўсе вельмі занепакоены гэтым. Гэты Сінод больш практычны. Такі старт дадзены, такі дынамізм, спадзяюся, што рэзультаты будуць канкрэтныя.

На Сінодзе сабраліся людзі з розных краін свету, кантынентаў. Людзі розныя, кантыненты розныя, сітуацыя розная, культурны кантэкст іншы. Ці ёсць адзіны рэцэпт новай евангелізацыі для ўсіх?

Дзякуй за гэтае пытанне. Калі казаць, то мэта новай евангелізацыі – гэта спатканне з Езусам Хрыстом, асабістае спатканне. Аднак шляхі да гэтага могуць быць розныя. Гэта пытанне часта падымаецца падчас Сіноду. Мэта адна, але шляхоў многа.

Размаўляў кс. А. Амяльчэня








All the contents on this site are copyrighted ©.