2012-10-10 13:20:32

Супрацоўнік Кангрэгацыі Веравучэння: цэлібат не будзе адменены


RealAudioMP3 Пазіцыя Бэнэдыкта XVI адносна немагчымасці і бессэнсоўнасці адмены цэлібату для духоўных асоб у Каталіцкім Касцёле цалкам адпавядае заявам II Ватыканскага Сабору і навучанню яго папярэднікаў на Пасадзе св. Пятра. Гэта пытанне не стаіць на павестцы дня і не будзе стаяць у будучым. Аб гэтым заявіў а. Герман Гайслер, кіраўнік Аддзелу па пытаннях веравучэння Кангрэгацыі Веравучэння ў інтэрв’ю аўстрыйскай “Salzburger Nachrichten”. Роля жанчын і іх значэнне ў Касцёле, як адзначыў тэолаг, былі заўсёды вялікімі і будуць пастаянна расці, але не ў пытанні пасвячэнняў.

Цэлібат ў Лацінскім Касцёле меў заўсёды “вялікае значэнне”, і не будзе адменены, заявіў ураджэнец Ціроля а. Гайслер, спасылаючыся на жыццё Езуса. “Святары пакліканы аддаваць сябе цалкам, да канца служыць Касцёлу. Не апошнюю ролю ў гэтым грае цэлібат, як бяльмо на воку свецкага грамадства і нагад: “Не забывайцеся пра свайго Бога; не забывайцеся, што існуе іншы свет, які варты таго, каб на карту паставіць усё жыццё”, - сказаў супрацоўнік ватыканскай дыкастэрыі.

Паводле яго слоў, не існуе магчымасці для зменаў у пытанні святарства жанчын. Яшчэ папа Ян Павел II назваў існуючае па гэтым пытанні вучэнне нязменным. Хоць жанчыны-дыяканы існавалі ў раннім Касцёле, яны не выконвалі сакрамэнтальных функцый, а займаліся ў асноўным дабрачыннасцю або дапамагалі пры хросце. Нават Сабор не можа ўнесці змены ў гэта фундаментальнае пытанне, заявіў а. Гайслер.







All the contents on this site are copyrighted ©.