2012-10-10 12:55:02

Збіраць багацце ІІ Ватыканскага Сабора


RealAudioMP3 10 кастрычніка Святы Айцец пачаў новы цыкл катэхез, прысвечаных ІІ Ватыканскаму Сабору, удзельнікам якога ён сам быў. Звяртаючыся да сабраных на агульнай аўдыенцыі Папа нагадаў, што 11 кастрычніка Касцёл адзначыць 50-годдзе гэтай вялікай падзеі, а таксама пачне Год веры. Папа заклікаў “збіраць незвычайнае багацце” ІІ Ватыканскага Сабору і нагадаў словы бл. Яна Паўла ІІ аб тым, што Сабор – гэта ласка і благаслаўленне для ХХ стагоддзя, а таксама “надзейны компас” для арыентацыі ў стагоддзі, якое пачынаецца. На думку Бэнэдыкта XVI, дакументы ІІ Ватыканскага Сабору застаюцца такім компасам у наш час. І менавіта яны “дазволяць караблю Касцёла выйсці ў адкрытае мора, пасярод бураў або ціхіх і спакойных хваляў, каб плыць надзейна і дасягнуць мэты”. Пантыфік падзяліўся сваімі ўспамінамі аб Саборы. У той час ён быў маладым прафесарам фундаментальнай тэалогіі ў Бонскім універсітэце, а ў Рым яго запрасіў, у якасці кансультанта, тагачасны арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Фрынгс. Папа адзначыў, што ўбачыў “жывы Касцёл” – амаль тры тысячы Саборных Айцоў сабраных пад кіраўніцтвам Наступніка св. Пятра, каб увайсці ў школу Святога Духа, сапраўднага рухавіка Сабору”. “Рэдка каліна працягу гісторыі, як тады, можна было непасрэдна “дакрануцца” да паўсюднасці Касцёла ў момант вялікай рэалізацыі яго місіі нясення Евангелля ў кожны час і аж да краю зямлю”, - узгадаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што на працягу гісторыі Касцёла Саборы праводзіліся шмат разоў. Звычайна яны склікаліся, каб акрэсліць фундаментальныя элементы веры, асабліва калі ім пагражалі памылкі. Аднак прычыны ІІ Ватыканскага Сабору былі іншымі. Папа расказаў, што жаданнем бл. Яна ХХІІІ, які склікаў ІІ Ватыканскі Сабор, было разважанне Касцёла “аб сваёй веры і праўдах, якія ім кіруюць”.

“З гэтага сур’ёзнага, глыбокага разважання аб веры, павінен быў быць вызначаны новы спосаб адносін паміж Касцёлам і сучаснай эпохай, паміж хрысціянствам і некаторымі важнымі элементамі сучаснай думкі, не для таго, каб падпарадкоўвацца ёй, але каб прадставіць нашаму свету, які намагаецца аддаліцца ад Бога, неабходнасць Евангелля ва ўсёй яго велічы і чысціні”, - адзначыў Папа.

Бэнэдыкт XVI нагадаў словы Паўла VI аб тым, што ІІ Ватыканскі Сабор неабходна разумець у кантэксце той эпохі, у якую ён адбываўся – часу, калі забыццё Бога стала звычайным. “Мы бачым, што час, у які мы жывем, працягвае быць азначаны забыццём Бога і глухатой у адносінах да Яго”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

“Калі нехапае веры ў Бога, руйнуецца ўсё самае важнае, бо чалавек губляе сваю глыбокую годнасць і тое, што робіць вялікай яго чалавецкасць, насуперак любому рэдукцыянізму. Сабор нагадвае, што Касцёл, з усімі сваімі кампанентамі мае заданне, пасланне, перадаваць слова любові Божай, якое збаўляе, для таго каб быў пачуты і прыняты Божы заклік, які ўтрымлівае ў сабе наша вечнае благаслаўленне”, - сказаў Папа.

Папа вылучыў чатыры, на яго погляд, самыя важныя дакументы Сабора: канстытуцыю пра святую Літургіі “Sacrosanctum Concilium”, якая паказвае, што на пачатку Касцёла знаходзіцца адарацыя, Бог, таямніца прысутнасці Хрыста; дагматычную канстутуцыю “Lumen gentium”, якая указвае на фундаментальнае заданне Касцёла – праслаўляць Бога; дагматычную канстытуцыю аб Божым аб’яўленні “Dei Verbum”, якая падкрэслівае, што жывое Слова Божае склікае Касцёл і ажыўляе яго на працягу ўсяго шляху ў гісторыі; і нарэшце, пастырскую канстытуцыю “Gaudium et spes”, аб тым, якім чынам Касцёл нясе свету святло, атрыманае ад Бога.

На заканчэнне аўдыенцыі Папа традыцыйна прывітаў пілігрымаў з розных краін свету, а сярод іх групу вернікаў з Беларусі: з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – з Мінска і з Віцебскай дыяцэзіі – з Шаркаўшчыны і Лучаю.








All the contents on this site are copyrighted ©.