2012-10-09 14:07:10

Сінод: кардыналы падкрэсліваюць важную ролю каталіцкіх рухаў


RealAudioMP3 Касцёл павінен у большай меры пакласціся на вопыт каталіцкіх рухаў і супольнасцяў у працэсе новай евангелізацыі. Так лічаць кардыналы Станіслаў Рылка і Пэтэр Эрдо. Гэтыя групы з іх місіянерскай дынамікай з’яўляюцца “сапраўдным Божым дарам”, заявіў кардынал Рылка падчас вячэрняй сесіі Сіноду Біскупаў у панядзелак 8 кастрычніка На думку старшыні Папскай рады па справах свецкіх, трэба глядзець на рухі, як на каштоўны дар, а не праблему, і лепш інтэграваць іх у душпастырскую працу. Кардынал Анджэла Садана, дэкан калегіі кардыналаў, заклікаў прымаць новую евангелізацыю з “мужнасцю і аптымізмам”. Новая евангелізацыя – гэта не слоган ці новая тэхналогія, як напрыклад кампанія па ліквідацыі непісменнасці або інтэнсіўны курс па новых СМІ, дзе можна проста чамусьці навучыцца, звярнуў увагу дасведчаны іерарх. Касцёл павінен супрацьстаяць сучасным выклікам і цяжкасцям, пераадолець скептыцызм, а для гэтага выкарыстаць з Божай дапамогай свой скарб “новага і старога”. У той жа час, католікі павінны падыходзіць да новай евангелізацыі з вялікай пакорай, папярэдзіў былы Дзяржсакратар Яго Святасці.

Кардынал Пэтэр Эрдо звярнуў увагу на “трывожныя прыкметы” “сістэматычнай варожасці ў адносінах да хрысціян”. Гэта, на яго думку, датычыць амаль усіх еўрапейскіх краін. Гэтаму спрыяе скажонае прадстаўленне хрысціянскай веры і Каталіцкага Касцёла ў сродках масавай інфармацыі. Яны дэманструюць змест веры і рэальнасць Касцёла часта паклёпніцкім чынам. Кардынал зрабіў на пачатку Сінода агляд бягучай сітуацыі і стану Касцёла і веры ў Еўропе.

Старшыня Рады Канферэнцый Епіскапатаў Еўропы таксама паскардзіўся, што ў шматлікіх еўрапейскіх краінах у дзяржаўных школах няма каталіцкага рэлігійнага навучання. Ён таксама адзначыў важнасць удзелу “некаторых” каталіцкіх рухаў у новай евангелізацыі. Гэта, на думку венгерскага іерарха, “благаслаўленне для Касцёла”. Яны, аднак, павінны супрацьстаяць “постмадэрнісцкім спакусам” самазадаволенасці ўласнымі пачуццямі і ўяўленнямі.







All the contents on this site are copyrighted ©.