2012-10-08 12:19:15

Генеральны рэлятар Сіноду: трэба паклапаціцца аб пакаленні 70-ых – 80-ых


RealAudioMP3 Генеральны рэлятар Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі, кардынал Дональд Вюрл, у інтэрв’ю газеце “Avvenire”, звярнуў увагу на выклікі, якія стаяць перад “новай евангелізацыяй”. Паводле арцыбіскупа Вашынгтонскага, яна патрэбна шматлікім католікам, якія страцілі сэнс веры. Слова “новая” не азначае абвяшчэння новага паслання. “Евангелле тое ж”, - падкрэсліў іерарх. На яго думку, новымі з’яўляюцца намаганні і метады прапаведвання да людзей, якія адышлі ад хрысціянскай веры, для якіх Евангелле страціла свой першасны сэнс.

Галоўны рэлятар асамблеі звярнуў увагу на тое, што Год веры, які абвясціў Бэнэдыкт ХVІ, стане нагодай для ўсіх паслядоўнікаў Хрыста нанава адкрыць сваю веру. Кардынал Вюрл нагадаў, што да Касцёла належаць розныя групы людзей, якія маюць патрэбу ў новай евангелізацыі. “Група, на якую мы павінны звярнуць асаблівую ўвагу – гэта пакаленне католікаў, якія не пазнаёміліся належным чынам з прынцыпамі веры ў сямідзесятыя і васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя”, - лічыць кардынал. Ён нагадаў, што хваля секуляразацыі ў 60-я гады мінулага стагоддзя дэфармавала ў краінах Заходу асноўныя прынцыпы навучання Касцёла адносна сям’і, сужэнства, дабра і зла, сумеснага дабра. “Гэта адбылося па прычыне паніжэння стандартаў рэлігійнай адукацыі. Здаецца, што катэхізацыя вялася без зместу”, - адзначыў кардынал Вюрл і дадаў, што святары часта перадавалі ідэю любові Бога да чалавека не звяртаючы ўвагі пры гэтым на змест веры. Паводле іерарха, сёлетні Сінод павінен дапамагчы вярнуць тое, што было страчана ў мінулым.







All the contents on this site are copyrighted ©.