2012-10-07 12:06:48

Бэнэдыкт XVI на распачацце Сіноду: няма новай евангелізацыі без пакаяння


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI узначаліў 7 кастрычніка раніцай на плошчы перад ватыканскай базылікай св. Імшу на распачацце Сінода Біскупаў па новай евангелізацыі. Яна была спалучана з абвяшчэнне Доктарамі Касцёла св. Яна Авільскага і св. Хільдэгарды з Бінгена. У сваёй гаміліі Пантыфік адзначыў, што тэматыка сёлетняга Сіноду адпавядае “праграмнай лініі” Каталіцкага Касцёла і ўсіх яго членаў: супольнасцяў, сем’яў, інстытутаў, і нават выходзіць далёка за яго межы, сведчаннем чаму з’яўляецца прысутнасць на асамблеі прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў. Бэнэдыкт XVI звярнуўся да зместу нядзельнай Літургіі слова і падкрэсліў, што яна закранае дзве асноўныя тэмы: стаўленне да сужэнства і да Езуса Хрыста. “Цэнтральным пунктам і канчатковай мэтай евангелізацыі ў любых месцы і часе, з’яўляецца Езус Хрыстус, Сын Божы, у той час як крыж з’яўляецца ў прамым сэнсе гэтага слова распазнавальным знакам Таго, хто абвяшчае Евангелле: знакам любові і міру, заклікам да пакаяння і паяднання. Мы першымі, вялебныя Браты, кіруем на Яго погляд сэрца і дазваляем ачысціцца Яго ласкай”, - заўважыў Святы Ацец.

“Касцёл існуе для евангелізацыі”, - дадаў Папа і прыгадаў між іншым гістарычную евангелізацыю англа-саксонскіх і славянскіх народаў. У гэтым кантэксце Пантыфік звярнуў увагу на “двух выдатных дзеячаў”, якія сталі падчас сённяшняй літургіі Доктарамі Касцёла: св. Яна Авільскага і св. Хільдэгарду з Бінгена. Паводле Святога Айца, яны развівалі дзве галоўныя галіны евангелізацыі: па-першае – „misio ad gentes”, што значыць абвяшчэнне Евангелля тым, хто яшчэ не ведае Хрыста і Яго Евангелля, па-другое – евангелізацыю тых асоб, якія былі ахрышчаны, але дыстанцыяваліся ад Касцёла. Паводле Пантыфіка, не можна таксама забыцца пра місійную актыўнасць у сучасным кантэксце. Бэнэдыкт XVI выказаў перакананне, што новая евангелізацыя будзе толькі тады плённай, калі “гэтыя тры аспекты адной і той жа евангелізацыі будуць дапаўняць і ўзмацняць адзін аднаго”.

Святы Айцец звярнуўся таксама да тэмы сужэнства ў кантэксце нядзельнага евангелля. “Сужэнства само па сабе ўжо з’яўляецца Евангеллем, Добрай Навінай у сучасным свеце, асабліва ў свеце, які аддаліўся ад хрысціянства. Аб’яднанне мужчыны і жанчыны, іх станаўленне як “аднаго цела” у любові – любові плённай і непарыўнай, з’яўляецца яркім знакам, які з моцай сведчыць пра моц Божую, і робіць гэта красамоўна, што ў нашыя дні стала яшчэ больш важным, паколькі, на жаль, па розных прычынах, сужэнства ў евангелізаваных рэгіёнах ужо даўно перажывае глыбокі крызіс”, - звярнуў увагу Папа. Святы Айцец перакананы, што існуе выразная сувязь паміж крызісам веры і крызісам сужэнства.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што стымулам для евангелізацыі “з’яўляецца ўсеагульны заклік да святасці”. “Святыя з’яўляюцца сапраўднымі героямі евангелізацыі ва ўсіх яе выразах. Яны таксама з’яўляюцца своеасаблівымі піянерамі і натхняльнікамі новай евангелізацыі праз заступніцтва і прыклад свайго жыцця, чулага на ўспрыняцце Святога Духа. Яны паказваюць людзям абыякавым ці нават варожым, прыгажосць Евангелля і камуніі ў Хрысце і заахвочваюць вернікаў, так бы мовіць, “летніх”, жыць радасцю веры, надзеі і любові, адкрываць “смак” Божага Слова і сакрамэнтаў, асабліва хлеба жыцця – Эўхарыстыі”, - адзначыў Папа.

У гэтым кантэксце Пантыфік звярнуў увагу на прыклад св. Яна Авільскага, які жыў у XVI ст. “Ведаючы глыбока Святое Пісанне, ён таксама быў адораны гарачым місіянерскім духам. Ён быў у стане асабліва глыбока пранікнуць у таямніцу адкуплення, якое Хрыстус прынёс для чалавецтва”. Святая ж Хільдэгарда з Бінгена, якая была значнай фігурай у XII ст., унесла каштоўны ўклад у развіццё Касцёла свайго часу. “Пан даў ёй прароцкі дух і вялікую здольнасць распазнаваць знакі часу”, - нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік запрасіў сабраных паглядзець на “ідэал хрысціянскага жыцця, выказаны ў закліку да святасці”. На яго думку, менавіта гэты ідэал “заклікае нас глядзець з пакорай на слабасць многіх хрысціян, і нават на іх грэх – асабісты ці супольны, які з’яўляецца вялікай перашкодай для евангелізацыі”. “Такім чынам, не можна казаць аб новай евангелізацыі без шчырай гатоўнасці да навяртання”, - падкрэсліў Папа. “Жадання прымірэння з Богам і бліжнім з’яўляецца лепшым спосабам для новай евангелізацыі”, - дадаў ён.

Бэнэдыкт XVI даверыў Богу працы Сінода і даручыў яго ўдзельнікаў апецы Божай Маці, Зорцы новай евангелізацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.