2012-10-06 13:13:00

Арцыбіскуп Фізікела: новая евангелізацыя не выклік для іншых, а заданне для нас


RealAudioMP3 Новая евангелізацыя з’яўляецца выклікам для Еўропы, але не толькі, адзначыў арцыбіскуп Рына Фізікела. Гэта выклік для Касцёла – выйсці і паказаць сябе людзям, перш за ўсё тым, якія некалі ў мінулым сустракалі Езуса Хрыста, але з цягам часу забыліся пра Яго, дадаў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. Іерарх лічыць, што трэба зрабіць так, каб сучасны чалавек адчуваў, што вера неабходная яму, як паветра, асабліва ва ўмовах сучаснага крызісу і дэзарыентацыі.

Заданне новай евангелізацыі, паводле ватыканскага іерарха – зрабіць Касцёла домам для сучаснага чалавека, дзе б ён адчуў абароненасць і мог спакойна глядзець у будучыню. Арцыбіскуп перакананы, што сучасны крызіс нарадзіў культуру, якая ўжо не ў стане стварыць нічога экзістэнцыяльнага. Ён адбываецца перш за ўсё на ўзроўні асобнага чалавека. “Тым не менш, крызіс – гэта заўсёды пераходны этап, ніколі не канчатковы момант, ні ў гісторыі, ні ў жыцці чалавецтва”, - нагадаў арцыбіскуп Фізікела і дадаў, што “крызіс служыць таму, каб знайсці рашэнне, а затым высветліць, дзе мы знаходзімся і куды мы хочам ісці далей”. І новая евангелізацыя з’яўляецца такім арыенцірам, які дае надзею разгубленаму чалавеку праз Хрыста і Яго Евангелле.

Новая евангелізацыя, паводле старшыні Папскай рады, з’яўляецца не толькі выклікам для іншых, але перш за ўсё нашай адказнасцю, таму што прымушае нас паглядзець глыбей, азірнуцца назад і вярнуцца да вытокаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.