2012-10-05 13:13:38

Сінод Біскупаў: малітва, разважанні і дыскусіі больш 400 удзельнікаў


RealAudioMP3 5 кастрычніка ў Рыме адбылася прэзентацыя Сінода Біскупаў па новай евангелізацыі. Расказаў пра падрабязнасці форуму, які пачнецца 7 кастрычніка ў Ватыкане, яго генеральны сакратар арцыбіскуп Нікола Этэравіч. Ён вылучыў тры асноўныя аспекты Сінода: духоўны, тэалагічна-душпастырскі і тэхнічны. Іерарх падкрэсліў, што фундаментальным элементам падзеі будзе малітва яе удзельнікаў. На працягу асамблеі Папа чатыры разы ўзначаліць літургію: на адкрыццё і закрыццё форума, з нагоды кананізацыі сямі благаслаўлёных, а таксама двух юбілеяў – 50-годдзя адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора і 20-годдзя выдання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Акрамя таго, удзельнікі Сінода будуць збірацца на малітву кожную раніцу і ў перапынках. Спецыяльна для гэтага ў адпаведнай капліцы будзе арганізавана пастаяннае выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнта.

Іншы аспект Сінода Біскупаў – тэалагічна-душпастырскі звязаны перш за ўсё з аналізам працоўнага дакументу Сінода Біскупаў. Арцыбсікуп нагадаў, што яшчэ ў сакавіку 2011 г. у мясцовыя епіскапаты была накіравана анкета адносна гэтага дакумента. Ён выклікаў вялікую зацікаўленасць, аб чым сведчыць тое, што адказы былі атрыманы больш чым ад 90% епіскапатаў: 100% з Акіяніі, 95,8% з Амерыкі, 88% з Азіі, 81,25% з Еўропы і 66,6% з Афрыкі.

Гаворачы аб тэхнічных аспектах і арганізацыі Сінода арцыбіскуп Этэравіч адзначыў, што ў ім будуць удзельнічаць 262 сінадальных айцы – самая вялікая колькасць за ўсё гісторыю. З Еўропы прыбудзе 103 прадстаўніка, з Амерыкі – 63, Афрыкі – 50, Азіі – 39 і Акіяніі – 7. Акрамя таго, у форуме прымуць удзел 45 экспертаў і 49 аўдытараў – гэта спецыялісты ў розных сферах, а таксама задзейнічаныя ў евангелізацыі з усіх пяці кантынентаў.

У праграме мерапрыемства, зацверджанай асабіста Бэнэдыктам XVI, прадугледжаны 23 агульных сустрэчы і 8 сесій у меншых групах. У рамках агульных сустрэч кожны Айцец Сінода будзе мець каля 5 хвілін на выступленне, а таксама каля 3 хвілін падчас вячэрніх дыскусій. Тэксты іх прамоў могуць быць даўжэйшымі – яны будуць апублікаваны пазней у спецыяльным зборніку.

У Сінодзе прымуць удзел прадстаўнікі 15-ці Цэркваў і рэлігійных супольнасцяў, якія яшчэ не знаходзяцца ў адзінстве з Касцёлам, кіраўнікі рэлігійных арганізацыі, асістэнты і перакладчыкі – ўсяго больш за 400 чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.