2012-10-05 12:11:14

Магчымасць поўнай індульгенцыі на працягу Года веры


RealAudioMP3 Апостальская пенітэнцыярыя паведаміла, што на працягу Года веры ў вернікаў ёсць магчымасць атрымаць поўную індульгенцыю – прабачэнне часовых караў за грахі для сябе або кагосьці з памерлых. У спецыяльным дэкрэце, апублікаваным 5 кастрычніка, адзначаецца, што “вялікі дар індульгенцыі” з’яўляецца “вельмі карысным” для “развіцця у найвышэйшай ступені (наколькі гэта магчыма на зямлі) святасці жыцця” і дасягнення вернікамі “у найвышэйшай ступені чысціні душы”. Паведамляецца, што для атрымання дару індульгенцыі, акрамя звычайных умоў, такіх як споведзь, св. Камунія, малітва ў інтэнцыі Пантыфіка, вернікам неабходна выканаць наступныя патрабаванні: выслухаць прынамсі тры казанні падчас святых місій, ці тры лекцыі аб навучанні ІІ Ватыканскага Сабору або Катэхізісу Каталіцкага Касцёла ў любым адпаведным для гэтага месцы.

Акрамя таго, для атрымання індульгенцыі на працягу Года веры можна здзейсніць пілігрымку ў адну з Папскіх базылік ці хрысціянскія катакомбы, у адзін з катэдральных касцёлаў або адно са святых месцаў, абранае мясцовым ардынарыем (напрыклад базыліку меншую, марыйны або іншы санктуарый). Тут неабходна прыняць удзел у набажэнствах, правесці разважанне і памаліцца “Ойча Наш”, вызнаць веру ў любой дазволенай форме, памаліцца любой малітвай да Маці Божай, апосталаў ці святых.

Таксама для атрымання індульгенцыі на працягу Года веры можна ў адзін з дзён, вызначаных мясцовым ардынарыем (напрыклад ва ўрачыстасць ці свята), прыняць удзел у св. Імшы або малітве нешпараў, вызнаўшы веру ў любой дазволенай форме або наведаць любы баптыстэрый ці іншае месца, дзе здзяйсняецца сакрамэнт хросту, і там аднавіць хросныя абяцанні ў любой дазволенай форме.

Для людзей, якія па якіх-небудзь важных прычынах не змогуць прыняць удзел ва ўрачыстых цэлебрацыях, можна атрымаць індульгенцыю пры звычайных умовах, злучыўшыся духоўна і ў думках з вернікамі, асабліва пры праглядзе ці праслухоўванні тэле- ці радыётрансляцый з набажэнстваў. Такія людзі для атрымання індульгенцыі павінны памаліцца “Ойча наш”, “Веру ў Бога” ці іншымі малітвамі, адпавядаючымі сэнсу і значэнню Года веры, а таксама ахвяраваць свае пакуты ці жыццёвыя цяжкасці.

Акрамя таго, у апублікаваным 5 кастрычніка дэкрэце змяшчаецца заклік да мясцовых ардынарыяў забяспечыць вернікам магчымасць споведзі ў катэдральных касцёлах або іншых месцах, вызначаных для адзначэння Года веры. Апостальская пенітэнцыярыя заклікае біскупаў у даступнай форме растлумачыць вернікам прынцыпы акрэсленыя ў дэкрэце.








All the contents on this site are copyrighted ©.