2012-10-05 12:47:48

L’Osservatore Romano: Рым на доўгім шляху Тэзэ


RealAudioMP3 Пра “Пілігрымку даверу”, якая пройдзе ў Рыме з 28 снежня 2012 г. па 2 студзень 2013 г. піша сённяшняя “L’Osservatore Romano”. Так будзе называцца чарговая навагодняя сустрэча моладзі пад эгідай міжнароднай экуменічнай супольнасці з Тэзэ. На самой справе, як адзначае ватыканская газета, сустрэча ўжо пачалася. У мясцовых супольнасцях па ўсім свеце адбываецца падрыхтоўка да форуму: духоўныя і практычныя мерапрыемствы.

У самой італьянскай сталіцы сфарміраваны “каманды”, адказныя за пошук сям’яў, гатовых ахвяраваць прыём і начлег для пілігрымаў. Дарэчы ў Рыме такія сустрэчы ўжо праходзілі: у 1980, 1982 і 1987 гадах. Кульмінацыяй сёлетняй, будзе малітва з Бэнэдыктам XVI у базыліцы св. Пятра 29 снежня.

Ватыканская газета цытуе брата Алоіса, настаяцеля супольнасці ў Тэзэ, які лічыць, што сустрэча дапаможа маладым еўрапейцам знайсці надзею на будучыню. Будучыню, якая часта можа быць цяжкай. Маладых людзей ў Рыме чакаюць супольныя малітвы ў сямі галоўных базыліках, семінары па сацыяльных і духоўных пытаннях, невялікія пілігрымкі па слядах першых хрысціян і гістарычных мясцінах хрысціянства.

“L’Osservatore Romano” цытуе Бэнэдыкта XVI, які звяртаючыся да ўдзельнікаў мінулагодняй сустрэчы ў Берліне, падкрэсліў, што давер, які маюць маладыя людзі – “гэта не сляпая наіўнасць”, а мужнасць сустрэцца “са шматлікімі выклікамі і цяжкасцямі” сучаснасці. На думку Святога Айца, такія сустрэчы дапамагаюць маладым хрысціянам быць апосталамі спакою сярод гневу і безнадзейнасці сённяшняга свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.