2012-10-04 14:02:07

Сінод Біскупаў – Папа і біскупы шукаюць адказу на актуальныя праблемы


RealAudioMP3 11 кастрычніка ў Ватыкане пачнецца Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі – вельмі важная ў гісторыі Касцёла падзея, якая збярэ біскупаў з розных частак свету. Яе мэта – супольна паразважаць аб плённым абвяшчэнні Евангелля сучаснаму чалавеку. Ідэя збіраць Сіноды Біскупаў нарадзілася ў часы ІІ Ватыканскага Сабору. Праз некалькі месяцаў пасля абрання на пасад Намесніка св. Пятра папы Паўла VI некаторыя ўдзельнікі Сабору прапанавалі яму стварыць дарадчы орган, які будзе складацца не толькі з членаў Рымскай курыі, але біскупаў з усяго свету. Яго мэта палягала ў тым, каб супольна абмяркоўваць галоўныя праблемы Касцёла. Паўлу VI ідэя спадабалася.

14 верасня 1965 г., адкрываючы апошнюю сесію ІІ Ватыканскага Сабору Папа абвясціў, што Сінод Біскупаў “будзе склікацца, паводле патрэбаў Касцёла, Рымскім Пантыфікам, для кансультацый і супрацоўніцтва, калі для агульнага дабра Касцёла, гэта будзе здавацца неабходным”. Першая пасяджэнне Сінода Біскупаў прайшло ў верасні 1967 г. Яно доўжылася 4 тыдні, а яго ўдзельнікі разважалі над тым, “як захаваць і ўмацаваць каталіцкую веру, яе інтэгральнасць, запал, развіццё, а таксама дактрынальную і гістарычную ўзгодненасць”. Тэма даволі блізкая да той, якая будзе абмяркоўвацца ў гэтым годзе. Цікава, што Сінод як і сёлетні праходзіў у рамках Года веры, прымеркаванага да 1900-й гадавіны мучаніцтва святых апосталаў Пятра і Паўла.

У гаміліі на адкрыццё Сіноду Павел VI выказаў заклапочанасць у сувязі з існуючымі пагрозамі для веры. Ён заклікаў да вернасці навучанню Касцёла, асабліва з боку тых, хто пакліканы прапаведаваць пасланне Хрыста, распаўсюджваць яго і захоўваць “скарб” веры. Адным з плёнаў Сіноду Біскупаў
стала заснаванне Міжнароднай тэалагічнай камісіі, якая падпарадкоўваецца Кангрэгацыі Веравучэння. Гэты інстытут пакліканы аналізаваць праблемы свету з пункту гледжання тэалогіі.

Яшчэ адзін Сінод на тэму абвяшчэння Евангелля праходзіў у 1974 г. Пасля яго папа Павел VI напісаў адгартацыю “Evangelii nuntiandi”, у якой асабліва моцна падкрэсліваў важную ролю свецкіх у евангелізацыі ў рознастайных сферах: палітычнай, грамадскай, эканамічнай, культурнай, сферах мастацтва, навукі, міжнародных адносін і камунікацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.