2012-10-04 12:37:52

Бэнэдыкт XVI у Ларэта: без Бога эгаізм дамінуе над любоўю


RealAudioMP3 Раніцай 4 кастрычніка Бэнэдыкт XVI прыбыў у Ларэта, з нагоды 50-годдзя знакамітай пілігрымкі ў гэта месца Яна ХХІІІ, здзейсненай ў 1962 г., за тыдзень да адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабору. Праграма візіту Пантыфіка даволі насычаная: пасля прыбыцця на верталёце ў мясцовы моладзевы “Цэнтр Яна Паўла ІІ”, ён, на папамабіле, накіраваўся ў ларэтанскі санктуарый, каб памаліцца перад Найсвяцешым Сакрамэнтам і ўзначаліць св. Імшу. Уздоўж вуліц гэтага невялікага спакойнага мястэчка Намесніка св. Пятра з радасцю вітала вялікая колькасць вернікаў. Многія з іх яшчэ з 7.00 пачалі збірацца каля санктуарыя. Плошча насупраць яго была ўпрыгожана белымі і жоўтымі кветкамі, стужкамі і ватыканскімі сцягамі. Каля базылікі Святога Дома Папу сустрэлі прадстаўнікі мясцовых касцёльных і свецкіх уладаў. Мэр Ларэта Паўла Нікалецці падарыў Бэнэдыкту XVI каштоўны ружанец, а Папскі Дэлегат у Ларэта арцыбіскуп Джавані Танучы – партрэт Святога Айца і “Марыйны атлас” XVIII ст., на якім пазначаны санктуарыі, прысвечаныя Маці Божай. Усваю чаргу Папа падарыў ларэтанскаму санктуарыю каштоўны келіх для адпраўлення Эўхарыстыі.

Падчас гаміліі Бэнэдыкт XVI адзначыў, што прыбыў у Ларэта, каб даверыць Маці Божай Год веры і Сінод па новай евангелізацыі. Паводле яго, санктуарый, захоўвае ў сабе памяць аб Уцелаўленні і адкрыцці Найсвяцейшай Панны на волю Бога, таму дае цудоўную магчымасць, каб “уступіць у школу” Марыі, якая была названа “шчаслівай”, таму што “паверыла”. “Ва ўмовах сучаснага крызісу, які закрануў не толькі эканоміку, але многія сферы грамадства, Уцелаўленне Сына Божага кажа нам, наколькі чалавек важны для Бога і Бог для чалавека. Без Бога чалавек даходзіць да таго, што яго эгаізм пачынае дамінаваць над салідарнасцю і любоўю, матэрыяльныя рэчы над каштоўнасцямі, жаданне мець над жаданнем быць. Неабходна вярнуцца да Бога, каб чалавек вярнуўся да быцця чалавекам. З Богам таксама і ў складаныя перыяды і крызісы не змяншаецца далягляд надзеі: Уцелаўленне нам кажа, што мы не адзінокія: Бог увайшоў у нашу чалавечнасць і суправаджае нас”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI звярнуўся да вернікаў: дзе жыве Бог – мы ўсе адчуваем сябе дома, а вера аб’ядноўвае нас у адзіную сям’ю і робіць братамі і сёстрамі. Папа заклікаў паразважаць аб тым, ці не маем страху перад Богам і ці не бачым у Ім абмежавання ўласнай свабоды. “Менавіта Бог вызваляе нашу свабоду, свабоду ад закрытасці ў саміх сабе, прагі ўлады, валодання, панавання, і робіць здольнымі адкрыцца на вымярэнні, у якіх яна рэалізуецца ўпоўні: на самаадданасць, любоў, якая становіцца служэннем і дзяленнем”, - сказаў Пантыфік.

Нарэшце Папа звярнуўся да Панны Марыі, давяраючы ёй Год веры і Сінод па новай евангелізацыі, які пачнецца праз тыдзень: “Хачу даверыць Маці Божай таксама гэты асаблівы час ласкі для Касцёла, які адкрываецца перад намі. Ты, Маці “згоды”, якая слухала Езуса, прамаўляй да нас, раскажы нам аб сваім шляху, каб наследаваць Яго на дарозе веры, дапамажы нам абвяшчаць Яго, каб кожны чалавек мог прыняць Яго і стаць домам Бога”.

Пасля св. Імшы Бэнэдыкт XVI накіраваўся ў ларэтанскі “Цэнтр Яна Паўла ІІ”, дзе прыняў удзел у абедзе з арганізатарамі візіту. Вечарам, каля 17.00, ён пакіне Ларэта і вернецца ў Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.