2012-10-03 14:03:16

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт споведзі: згрызоты сумлення – пачатак навяртання


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб сакрамэнце споведзі. Нагадаю, што падчас іх падрыхтоўкі я карыстаюся кнігай дапаможнага біскупа Рымскай дыяцэзіі Матэо Дзупі, якая называецца “Споведзь. Прабачэнне для перамены”. Сёння я прапаную паразмаўляць аб значэнні згрызотаў сумлення. Ці з’яўляюцца яны добрымі? Ці трэба ад іх пазбаўляцца, супакойваць, аддаляць іх, як нешта, што з’яўляецца шкодным і негатыўным. Наша пакаленне інстынктыўна шукае ўпэўненасці, пераканаўчых тлумачэнняў, каб паказаць, што на самой справе не варта турбавацца з-за ўчыненых правінаў. Іншы шлях: духоўныя супакойваючыя сродкі, добрае слова бліжняга, неабходныя для таго, каб не лічыцца з існаваннем зла і нашай здольнасцю рабіць яго. Наколькі проста паверыць у тое, што нельга ўзбуджаць пачуццё віны, асабліва ў моладзі, нібыта яно само па сабе негатыўнае. Але гэта не так.

Згрызоты сумлення, горкае ўсведамленне віны і шкадаванне за ўчыненае ў жыцці зло, гэта ўдар па нашай пыхе і здольнасці шукаць фальшывыя апраўданні. Гэта прыносіць яснасць, што знішчае нашу крывадушнасць і дазваляе лічыцца, з тым, што было зроблена.

Канешне згрызоты сумлення павінны прывесці нас да даверу і дазволіць сустрэцца з міласэрнасцю Бога, які заўсёды большы за наша сэрца і ніколі не перастае нас любіць. Так мы зможам вызваліцца. У адваротным выпадку ўсё закончыцца тым, што мы асудзім саміх сябе.

Бог нас любіць нават тады, калі мы не ведаем пра гэта. Ён любіць нас асабліва моцна, калі мы становімся перад усведамленнем зла якое ўчынілі, ці яно само з’яўляецца перад намі і пачынае турбаваць ці ўводзіць у адчай, у жаданне кінуць усё, забыцца, аддаліцца ад прабачэння і міласэрнасці Айца.

Св. Пётр перажываў горкія згрызоты сумлення пасля таго, як здрадзіў Хрысту. Ён плакаў. Але менавіта ў такім прыніжэнні і трыванні сам на сам са сваім грахом узгадаў аб слове Хрыста, якое нясе надзею: Ён нас ніколі не пакіне ў цемры. Ён нам пасылае таксама пеўня, які нарэшце абудзіць нас і дазволіць зразумець, знайсці саміх сябе са сваім грахом. Пётр адштурхнуўся ад уласнага граху, каб пачаць любіць Пана зноў, але на гэты раз па-сапраўднаму. Каб не наракаць і не здзіўляцца Яму, не ўцякаць ад уласнай слабасці, зразумець, што сапраўдная сіла Бога заключаецца ў тым, каб не думаць як сатана. Пётр, напачатку думаў, што з’яўляецца ўсемагутным і абураўся сапраўднай усемагутнасці Езуса, які ішоў насустрач злу, каб перамагчы яго з дапамогай любові.

Адкрыццё на споведзь патрабуе намагання пераўзыйсці ўласную пыху, адчуць горыч, быць прыніжаным для таго, каб падняцца. У рэальнасці, сустрэча з Панам дорыць нам дапамогу ў выглядзе добрага позірку, радасць ад таго, што мы былі выслуханы. Але таксама – гэта сустрэча з Тым, хто мае ўладу прабачаць, як грэшніцу ў доме Сымона. Гэта радасць сустрэчы са Словам, якое нас разумее, але не забаўляецца з намі; гэта радасць сустрэчы з тым, што нам неабходна, але што пераўзыходзіць нас саміх; гэта сустрэча з Тым, хто нас прымае, але заклікае перамяняцца; гэта сустрэча асабістая, але адкрываючая нас на іншых людзей.

Трэба з радасцю падыходзіць да сакрамэнту споведзі, для таго, каб вызваліцца ад зла, каб любіць больш і па-новаму; каб расці, бо ў адваротным выпадку наша сумленне застанецца маленькім ці ўвогуле пачне вяртацца назад, да такой ступені, што станем саўдзельнікамі зла, якое існуе ў свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.