“100 пытанняў – 100 адказаў”. Чаму быў кананізаваны св. Язафат Кунцэвіч?
Адным з пытанняў,
якое часта перарастае ў спрэчкі паміж католікамі і праваслаўнымі, з’яўляецца кананізацыя
грэка-каталікага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча. Яна адбылася больш чым праз два стагоддзі
пасля яго смерці, а здзейсніў яе, у 1867 г., бл. папа Пій ІХ. Справа ў тым, што Язафат
Кунцэвіч часта абвінавачваецца ў нехрысціянскіх паводзінах, гвалтоўным празелітызме,
выкарыстанні “адміністратыўнага рэсурсу” у справе распаўсюджвання ўніі на тэрыторыі
былой Рэчы Паспалітай, а таксама захопе святынь. Ці сапраўды гэта так і чаму католікі
ўшаноўваюць Язафата як святога, мы паразмаўляем у сённяшняй праграме.
На пачатку
трэба расказаць аб асаблівасцях вырашэння рэлігійных праблем у XVII ст. – часе, калі
быў забіты архіепіскап Кунцэвіч. Украінскі гісторык Віктар Заслаўскі называе “адной
з любімых тагачасных забаў” звароты ў суд, фантастычныя абвінавачванні і пісанне скаргаў
у спецыяльныя гарадскія кнігі, на якіх сёння грунтуюцца даследчыкі. Акрамя таго, рэлігійныя
пытанні даволі часта вырашаліся і больш рашучымі метадамі – вядомы вападкі крывавай
расправы над прадстаўнікамі іншых веравызнанняў, прапаведнікамі, святарамі і біскупамі.
“Такім чынам, разглядаць учынкі і думкі св. Язафата неабходна ў кантэксце менавіта
тых часоў. Часоў, калі людзі лічылі пытанні веры і Касцёла настолькі важнымі, што
ахвотна маглі бараніць сваю правату і словам, і мячом, і дубінай, і паклёпам – і пры
гэтым лічыць, што з’яўляюцца справядлівымі і маюць рацыю”, - піша Віктар Заслаўскі.
У
той час галоўны рэлігійны канфлікт на нашых землях быў звязаны з абвяшчэннем у 1596
г. уніі – аб’яднання Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з Каталіцкім
Касцёлам. Вядома, што ўнія не была прызнанна многімі прадстаўнікамі праваслаўнага
духавенства, гараджан, шляхты і казацтва. У выніку чаго пачалася барацьба за катэдры,
цэрквы, тэрыторыі, манастыры, падчас якой выкарыстоўваліся тыя метады, аб якіх было
сказана вышэй. У цэнтры гэтага канфлікту апынуўся грэка-каталіцкі архіепіскап Полацка
Язафат Кунцэвіч, які стаў аб’ектам шматлікіх нападак і паклёпаў, што скончылася яго
смерцю.
Дык вось, адным з самых галоўных абвінавачванняў, якое працягвае гучаць
і сёння ў адрас архіепіскапа Кунцэвіча, з’яўляецца тое, што ён гвалтоўна пераводзіў
праваслаўных у каталіцтва. Гэта не так. Такія метады яму былі проста непатрэбныя.
Язафат Кунцэвіч, быў цудоўным прапаведнікам, клапатлівым пастырам, адданым справе
збаўлення вернікаў і адзінства паміж хрысціянамі. У 1923 г. папа Пій ХІ прысвяціў
яму энцыкліку пад назвай “Ecclesiam Dei” (“Касцёл Божы”). У ёй Пантыфік падкрэсліваў
прыклад яго асабістай святасці, жыцця ў чысціні і беднасці. Акрамя таго, архіепіскап
Язафат карыстаўся вялікай павагай за свае інтэлектуальныя здольнасці. Пад яго рэдакцыяй
выходзілі шматлікія тэксты аб прымаце св. Пятра, адзінстве Касцёла, хросце св. Уладзіміра.
Ён выдаў катэхізіс і імкнуўся адаптаваць пропаведзь Евангелля да асаблівасцяў менталітэта
мясцовага насельніцтва. Пій ХІ называў св. Язафата “найсвяцейшым епіскапам, які нястомна
прывіваў словам і пісьмом праўду”.
Св. Язафат бачыў у ўніі сапраўдны шанец
для аднаўлення некалі згубленага адзінства паміж хрысціянамі, але не ўжываў для гэтага
гвалтоўных метадаў. Аб гэтым пісаў ён сам, што пацвярджаюць многія крыніцы, якія ляглі
ў аснову яго кананізацыйнага працэсу. Архіепіскап Кунцэвіч імкнуўся да гэтай мэты
праз дбайную душпастырскую дзейнасць і прыклад асабістай святасці.
Св.
Язафат акружыў сябе добрымі паплечнікамі. Іерарх накіроўваў сваіх святароў на вучобу
ў езуіцкія калегіі, якія давалі лепшую ў свеце адукацыю і выхаванне. Ён клапаціўся
аб тым, каб паства мела добра падрыхтаваных, адукаваных святароў з моцным духоўным
і маральным стрыжнем. З іх дапамогай Язафат Кунцэвіч зрабіў Царкву вельмі жывой і
здольнай служыць людзям. Так яна больш хутка папаўнялася новымі вернікамі.
Што
тычыцца ўзгадак аб гвалтоўным пераследзе праваслаўных вернікаў, то гэта інфармацыя
ўтрымліваецца пераважна ў гарадскіх кнігах скаргаў. Іх нельга разглядаць у якасці
дакладнай крыніцы, бо пісаць туды маглі ўсе і ўсё, што заўгодна. Тагачасная судовая
сістэма сама не адносілася да іх сур’ёзна. Адной з галоўных крыніц, у якой Кунцэвіч
абвінавачваецца ў “жорсткасці” з’яўляецца ліст канцлера Льва Сапегі – таленавітага
і дальнабачнага палітыка, які ацэньваў касцёльныя справы з пункту гледжання грамадскай
карысці. Аднак у арыгінальным тэксце гэтага ліста (а не яго перакладзе, зробленым
з паклёпніцкім намерам) самым сур’ёзным абвінавачваннем з’яўляецца, тое, што Кунцэвіч
і яго святары “апячатвалі” цэрквы ў адным горадзе – Магілёве.
Сапраўды, паводле
загаду архіепіскапа, святыні адкрываліся толькі падчас набажэнстваў, а на працягу
астатняга часу заставаліся закрытымі ў сувязі з тым, што падбухтораныя паклёпніцкімі
памфлетамі гараджанне імкнуліся іх захапіць. “Апячатваючы” святыні св. Язафат клапаціўся
аб парадку і захаванні маёмасці сваёй архіепархіі, а гэта з’яўляецца абавязкам кожнага
пастыра. “Я ніколі нікога да ўніі гвалтоўна не прымушаў. Абараняць мае царкоўныя правы
(калі на мяне наступаюць з насіллем), мяне абавязвае звычайная епіскапская прысяга”,
- прыводзіць словы Кунцэвіча гісторык Заслаўскі.
У сваёй энцыкліцы аб архіепіскапе
Кунцэвічы Пій ХІ адзначаў што гэты святы так любіў Касцёл і веру, што нават марыў
аб мучаніцтве, якое б магло стаць самай лепшай пропаведдзю аб адзінстве. “Пане, дазволь
мне праліць маю кроў за адзінства і паслухмянасць Апостальскай Сталіцы”, - прыводзіць
словы святога Папа.
Гэта жаданне св. Язафата споўнілася 12 лістапада 1923 г.
у Віцебску. Сюды ён прыехаў, каб абвяшчаць адзінства паміж хрысціянамі з дапамогай
слова і малітвы. Кунцэвіч, у адрозненні ад многіх іншых тагачасных рэлігійных лідэраў,
не меў уласнага войска і едзіў па тэрыторыі епархі ў суправаджэнні некалькіх слугаў.
Адчуваючы небяспеку паездкі ў Віцебск ён нават загадаў загадзя падрыхтаваць сабе ў
Полацку магілу. У Віцебску святога напаткала мучаніцтва, аб якім нам даволі добра
вядома: ён быў схоплены, пасля таго, як выйшаў насустрач раз’юшанаму натоўпу, і жорстка
забіты.
Вельмі хутка, праз тры гады, у Рыме адбылася беатыфікацыя Язафата Кунцэвіча,
а затым і кананізацыя. Сёння яго парэшткі захоўваюцца ў самым галоўным храме каталіцкага
свету – Ватыканскай базыліцы св. Пятра, што сведчыць аб вялікай павазе і каштоўнасці
дзейнасці св. Язафата. Папы неаднойчы падкрэслівалі, што яго прыклад працягвае заставацца
актуальным: словам і справай распаўсюджваць Евангелле, спрыяць хрысціянскаму адзінству
і з павагай адносіцца па прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.