2012-10-03 12:57:16

Каталіцкі Касцёл пачынае Год веры


RealAudioMP3 З 11 кастрычніка 2012 г. па 24 лістапада 2013 г. Каталіцкі Касцёл будзе перажываць Год веры. Пасля Года св. Паўла (2008-2009) і Года святарства (2009-2010) – гэта ўжо трэцяя такая ініцыятыва падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI, якая была абвешчана 11 кастрычніка 2011 г. дакументам “Porta Fidei”. Год веры ўжо адзначаўся аднойчы – у 1967 г. Папа Павел VI абвясціў яго ў 1900-ю гадавіну мучаніцтва святых апосталаў Пятра і Паўла. Ініцыятыва паклікана садзейнічаць адраджэнню хрысціянскай веры і жыцця Касцёла, асабліва ў калісьці пераважна каталіцкіх, а зараз у асноўным секулярызаваных краінах Заходняй Еўропы. Па словах Бэнэдыкта XVI, Год павінен служыць таму, каб сучасны чалавек “ведаў, цэлебраваў і перажываў” сваю веру, а таксама выказваў яе праз малітву. Таму, паводле Святога Айца, неабходна “пашырыць цэлебрацыю веры ў літургіі, асабліва Эўхарыстыі”.

Каталіцкія біскупы Беларусі скіравалі 2 кастрычніка спецыяльнае пасланне на Год веры, у якім выходзяць да вернікаў з шэрагам ініцыятыў, сярод якіх: большая ўвага да літургічнага жыцця, больш інтэнсіўнае выкарыстанне СМІ для пашырэння веры, аднаўленне старых прыдарожных крыжоў. Іерархі лічаць, што ў гэты адмысловы год трэба пашыраць кантакты са светам навукі і культуры “з мэтай стварэння дыялога”; ініцыятыва “павінна стаць добрай нагодай да спраў міласэрнасці”.

Пачатак Году веры прыпадае на 50-ю гадавіну адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабору, 11 кастрычніка 1962 г. Гэта не выпадкова, бо прайшоўшая некалькі дзесяткаў гадоў таму біскупская асамблея мае пастаянна ўзрастаючае значэнне для сённяшняга Касцёла. Паралельна з адкрыццём Года веры, 7-28 кастрычніка, у Ватыкане пройдзе Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі.

На ўзроўні Паўсюднага Касцёла Год веры адкрые папа Бэнэдыкт XVI 11 кастрычніка св. Імшой на плошчы перад ватыканскай базылікай. Што тычыцца дыяцэзій і парафій – Кангрэгацыя Веравучэння апублікавала для іх 30 арыгінальных прапаноў на гэты адмысловы год. Адзін з галоўных напрамкаў, паводле ватыканскай дыкастэрыі – гэта паглыбленае вывучэнне вернікамі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.