2012-10-03 12:27:29

Ватыканская жандармерыя: усе правы былога камердынера былі захаваны


RealAudioMP3 2 кастрычніка ватыканская жандармерыя апублікавала спецыяльнае паведамленне, у сувязі са скаргамі былога камердынера Папскага дома Паўла Габрыэле на ўмовы ўтрымання падчас арышту. Адзначаецца, што Габрыэле прабываў у камеры, якая адпавядала міжнародным стандартам, існуючым у іншых краінах для асоб, затрыманых за падобныя злачынствы. Жандармерыя падкрэсліла, што абвінавачанаму было запэўнена поўнае штодзённае харчаванне; ён меў магчымасць гадзіннага спацыру, адпачынку і сацыялізацыі. Акрамя таго, Паўла Габрыэле мог карыстацца спартыўнай залай жандармерыі, ад чаго часта адмаўляўся; яму была гарантавана медыцынская апека. У паведамленні падкрэсліваецца, што былы камердынер паведаміў ватыканскаму ўрачу аб эфектыўнасці лячэння некаторых хвароб нервовага характару.

Ватыканская жандармерыя падкрэсліла таксама, што абвінавачаны меў пастаянныя кантакты са святаром, асабліва ў першыя дні арышту. “Мог прымаць удзел, разам з сям’ёй, у св. Імшы і меў неабмежаваны час для сустрэчы з роднымі, на што дазволілі судовыя ўлады, а таксама мог сустракацца са сваімі адвакатамі”, - адзначаецца ў паведамленні. Паўла Габрыэле прасіў частых сустрэч з камендантам ватыканскай жандармерыі, таму затрыманаму была нададзена асаблівая ўвага, каб ён мог правесці гэты перыяд як мага больш спакойна. Святло ў камеры было ўключана на працягу 24 гадзін, каб абвінавачаны не ўчыніў сабе шкоды. “Сам арыштаваны напачатку свайго зняволення прасіў, каб святло ўначы было запалена, так ён адчуваў сябе больш бяспечна”, - адзначаецца ў паведамленні і ўдакладняецца, што былы камердынер меў камплет бялізны і падушак. Паведамляецца таксама, што арыштаваны пастаянна мог разлічваць на неадкладную дапамогу, а ў яго камера быў дамафон спалучаны з сядзібай жандармерыі. “Яго асноўныя правы, у тым ліку інтымныя, ніколі не былі парушаны”, - адзначыла жандармерыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.