2012-10-02 12:50:12

Буйны форум па ІІ Ватыканскім саборы пройдзе пад эгідай Святога Пасаду


RealAudioMP3 2 кастрычніка ў Ватыкане адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная міжнароднай сустрэчы на тэму ІІ Ватыканскага сабору, якая 3-5 кастрычніка адбудзецца ў Папскім Латэранскім універсітэце. Тэма гучыць: “ІІ Ватыканскі Сабор у святле архіваў саборных айцоў – у 50-годдзе адкрыцця Сабору”. Кс. прэлат Бернар Ардура, старшыня Папскага камітэту гістарычных навук, адзначыў, што за апошнія 50 гадоў было апублікавана вялікая колькасць дакументаў, прысвечаных Сабору, але засталося яшчэ шмат недаследаваных тэм. Ён заявіў аб неабходнасці “дбайна даследаваць усе гістарычныя архіўныя матэрыялы”. Кс. Ардура адзначыў, што апублікаванне некаторых асабістых дзённікаў і ўспамінаў вядомых удзельнікаў Сабору, паводле Бэнэдкта ХVI, дапамагае праўдзівай касцёльнай інтэрпрэтацыі гэтай падзеі.

“З гэтага пункту гледжання Папская камісія гістарычных навук прапанавала пачаць даследаванне асабістых архіваў саборных айцоў, з мэтай іх ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі”, - паведаміў старшыня Папскага камітэта гістарычных навук. Гэтыя дакументы дапамогуць зразумець, як удзельнікі Сабору перажывалі гэту вялікую падзею і як яе разумелі.

У сваю чаргу прафесар Філіпа Чэно з Папскага Латэранскага універсітэту падкрэсліў немагчымасць напісання гісторыі ІІ Ватыканскага сабору выкарыстоўваючы выключна афіцыйныя саборныя дакументы. “Матэрыялы небходна шукаць паўсюль, асабліва ў асабістых архівах галоўных дзеючых асоб Сабору”, - падкрэсліў навуковец. Ён адзначыў, што з гэтай мэтай ужо створаны шматлікія цэнтры даследаванняў ІІ Ватыканскага сабору пры вялікай колькасці каталіцкіх еўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтаў. Адным з вынікаў іх існавання стала выданне ў Балоніі пяці тамоў па гісторыі ІІ Ватыканскага сабору. Яны былі перакладзены на шматлікія мовы свету, у тым ліку на рускую.








All the contents on this site are copyrighted ©.