2012-10-01 11:59:13

Бэнэдыкт ХVI закончыў адпачынак у Кастэль Гандольфа


RealAudioMP3 1 кастрычніка Бэнэдыкт ХVI вярнуўся ў Ватыкан пасля свайго летняга адпачынку ў Кастэль Гандольфа. Тут Папа правёў 90 дзён. За гэты час Святы Айцец 13 разоў сустракаўся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” і чатыры разы падчас агульнай аўдыенцыі. Папа пакідаў летнюю рэзідэнцыю пяць разоў: 9 ліпеня з нагоды прыватнага падарожжа ў дом айцоў-вербістаў у Нэмі, у якім у 1964 г. гасціў у якасці ўдзельніка ІІ Ватыканскага Сабору. 15 ліпеня – з нагоды пастырскага візіту ў прадмесце Рыма мястэчка Фраскаці. 15 жніўня Бэнэдыкт ХVI пакідаў рэзідэнцыю, каб цэлебраваць св. Імшу ў парафіяльным касцёле Кастэль Гандольфа, з нагоды ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. 2 верасня Папа разам са сваімі былымі студэнтамі маліўся ў сядзібе руху “Факаляры”, якая знаходзіцца недалёка ад рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў. Нарэшце 14-16 верасня Бэнэдыкт ХVI здзейсніў сваё самае далёкае за гэта лета падарожжа – з Апостальскім візітам ён наведаў Ліван.

Акрамя таго, за час адпачынку Папа правёў шмат сустрэч з іерархамі з розных краін свету. Ён прыняў на аўдыенцыях біскупаў з Калумбіі, ЗША і Францыі, якія прыбывалі ў Рым з візітам “ad limina apostolorum”. Акрамя таго Папа сустракаўся таксама з удзельнікамі некаторых касцёльных і грамадскіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў Рыме. У Кастэль Гандольфа Папа прымаў даверчыя граматы новых паслоў акрэдытаваных для працы пры Апостальскай Сталіцы.

Па вяртанні ў Ватыкан Святога Айца чакаюць таксама важныя справы: 4 кастрычніка ён накіруецца ў пілігрымку ў Ларэта, 7 кастрычніка ўзначаліць св. Імшу з нагоды адкрыцця Сінода па новай евангелізацыі і абвесціць Доктарамі Касцёла св. Яна Авільскага і св. Хільдэгарду з Бінгена. 11 кастрычніка Папа ўрачыста адкрые Год веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.