2012-09-29 13:32:57

Беатыфікаваны перакладчык Бібліі на кітайскую мову


RealAudioMP3 29 верасня кардынал Анджэла Амата ўзначаліў беатыфікацыйную св. Імшу падчас якой да хвалы алтароў быў узнесены італьянскі святар кс. Габрыэле Марыя Алегра – місіянер, які больш за палову свайго жыцця правёл у Кітаі і зрабіў пераклад Бібліі на мову народа гэтай краіны. Кс. Алегра нарадзіўся на Сіцыліі. Належаў да ордэна францішканаў. Вучыўся ў Рыме, а ў 30-я гады ХХ ст. ён прыбыў у Кітай і распачаў шырокую евангеліцыйную дзейнасць: ён быў славутым спаведніком, прапаведнікам і асабліва шмат дапамагаў бедным і хворым. Самым важным яго ўкладам у евангелізацыю Кітая быў поўны пераклад Бібліі, над якім святар пачаў працаваць у 30-я гг. ХХ ст. Справа ў тым, што католікі гэтай краіны не мелі поўнага і дакладнага перакладу Святога Пісання.

Кс. Алегра называў гэту дзейнасць “працай свайго жыцця”, каб даць “Хрыста Кітаю, а Кітай Хрысту”. Новы благаслаўлёны заснаваў “Францішканскі біблійны цэнтр”, для таго, каб прыцягнуць саміх кітайцаў да перакладчыцкай працы. Пераклад Бібліі на кітайскую мову, зроблены пад яго кіраўніцтвам, характарызуецца строгасцю і адпаведнасцю арыгінальным тэкстам. Ён да сённяшняга дня выкарыстоўваецца ў катэхетычнай дзейнасці і літургічным жыцці Каталіцкага Касцёла ў Кітаі.

Беатыфікацый працэс кс. Алегры пачаў у 1984 г. біскуп Ганконга Джон Ву Чэнг-Чун, а яго кульмінацыйным момантам стала сённяшняя ўрачыстая св. Імша на радзіме благаслаўлёнага, у сіцылійскім горадзе Ачырэале.









All the contents on this site are copyrighted ©.