2012-09-28 12:03:21

Папа да біскупаў Еўропы: прыспешвайце новую евангелізацыю


RealAudioMP3 Бэнэдыкт ХVІ даслаў прывітальную тэлеграму біскупам, якія 27 верасня ў Швейцарыі пачалі штогадовае пленарнае пасяджэнне старшынь епіскапатаў Еўропы. Святы Айцец, жадаючы рэальнага плёну працам, якія праходзяць пад знакам ІІ Ватыканскага сабора, падкрэслівае яго экуменічнае вымярэнне. Пантыфік указвае на ўзорную дзейнасць 1400 гадоў таму па евангелізацыі еўрапейскіх народаў св.Гала і ягоных паплечнікаў. Папа прыпамінае, што гэты ірландскі евангелізатар прыбыў да швейцарскай зямлі, каб пачаць малітоўнае жыццё на адзіноце.“Але слава аб яго святасці прыцягнула многіх да яго, так і нарадзілася манаская супольнасць, якая, у сваю чаргу, стала цэнтрам, рухавіком далейшай місіі сярод шматлікіх народаў”.
Абапіраючыся на рэтраспектыву хрысціянскіх каранёў Еўропы, неабходна працаваць на перспектыву. Папа указаў, што “вопыт св.Гала, таксама як і многіх іншых пратаганістаў евангелізацыі на еўрапейскай зямлі і па цэлым свеце, навучае, што хрысціянскае пасланне засяваецца і эфектыўна ўкараняецца там, дзе супольнасць жыве ім у аўтэнтычны спосаб, дзе прапаведванне падтрымана сведчаннем братэрскай любові і ажыўлена супольнай малітвай.”
Далей Папа пажадаў, каб прыклад св. Гала і яго спосаб дзеяння станавіўся стымулам для працаў еўрапейскіх біскупаў, якія вядуцца напярэдадні сінадальнай асамблеі аб Новай Евангелізацыі, “каб глядзець з верай і надзеяй, у адзіным кірунку з позіркам Хрыста,– на вялікае жніво, якім з’яўляюцца еўрапейскія народы”, - гаворыцца ў прывітанні.








All the contents on this site are copyrighted ©.