28 верасня на прэсканферэнцыі
кардынал Каміла Руіні, старшыня навуковага камітэта “Ватыканскага Фонда Ёзэфа Ратцынгера
–Бэнэдыкта XVI” аб’явіў, што сёлета лаўрэатамі "Прэміі Ратцынгера” сталі два навукоўцы:
прадстаўнік французскай філасофскай і гістарычнай думкі Рэмі Браг і езуіт з ЗША Брайан
Э.Дэйлі, тэолаг і патрыстык міжнароднага ўзроўня. Кардынал Руіні паведаміў, што французскі
лаўрэат мае 65 гадоў, да нядаўняга часу займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў Сарбоне,
а зараз узначальвае кафедру “Рамана Гвардзіні” ў мюнхенскім універсітэце Людвіга Максімільяна,
працягваючы выкладаць ў некалькіх папскіх і еўрапейскіх ВНУ, з’яўляецца членам французскай
Акадэміі маральных і палітычных навук. “Сярод мноства яго кніг, ад Платона і Арыстоцеля
па старажытнай хрысціянскай, яўрэйскай і мусульманскай філасофіі да сённяшняй тэалогіі,
нельга не прыпомніць такія творы як “Еўропа, рымскі шлях”, перакладзены на многія
мовы, “Будучыня Захада”, “Мудрасць свету”, “Гісторыя чалавечага вопыту ў сусвеце”
і іншыя,”- адзначыў кардынал, назваўшы сваёй любай кнігай яго “Бог хрысціян – адзіны
Бог?” Кардынал адзначыў, што другі лаўрэат, кс.Брайан нарадзіўся ў 1940г., вучыўся
ў Нью-Ёрку, а пасля завяршэння тут вышэйшай адукацыі паглыбляў свае веды па гісторыі
і антычнай філасофіі пры Оксфардзе. “У 1964 г. уступіў у езуіцкі ордэн і працягваў
філасофскае навучанне, абараніў дактарат у Оксфардзе, а затым сам стаў выкладаць –
у розных ВНУ свету. “Шмат працаваў на экуменічнай ніве, асабліва для паглыблення адносін
між католікамі і праваслаўнымі, і цяпер з’яўляецца выканаўчым сакратаром Кансультатыўнага
каталіцка-праваслаўнага інстытуту для Паўночнай Амерыкі”, расказаў на прэс-канферэнцыі
кардынал Руіні. Папа ўручыць лаўрэатам прэмію “Ватыканскага Фонда Ёзэфа Ратцынгера
–Бэнэдыкта XVI” 20 кастрычніка.