2012-09-27 15:19:24

Бэнэдыкт XVI: бачыць і паважаць годнасць кожнага спартсмена


RealAudioMP3 Прызнаваць і паважаць годнасць чалавека, кожнага спартсмена: з такім заклікам звярнуўся Святы Айцец да ўдзельнікаў ХХХІІ Кангрэса Федэрацыі спартыўнай медыцыны з якімі сустрэўся ў Кастэль Гандольфа 27 верасня. “Поспех, прага медалёў і заробкаў часам становяцца прыярытэтам і адзінай мэтай для тых, хто працуе ў спартыўнай сферы”. Папа патлумачыў, што часам, каб “перамагчы любым коштам” парушаецца сапраўдны дух спаборніцтваў. Ён падкрэсліў, што для гэтых мэтаў выкарыстоўваюцца сродкі, якія становяцца даступнымі дзякуючы сучаснай медыцыне.Святы Айцец адзначыў, што эксперты ў галіне спартыўнай медыцыны лепш за іншых ведаюць, што кожны спартсмен, больш чым проста ўдзельнік спаборніцтваў. Унутры кожнага атлета ёсць асоба, якая “паклікана да маральнага і духоўнага ўдасканалення перш чым да фізічнай прадуктыўнасці”, адзначыў Папа.

Такім чынам, ён заклікаў экспертаў у спартыўнай медыцыне не быць толькі дзейснымі “агентамі” фізічнага здароўя і выдатнай атлетычнай формы, але маральнага, духоўнага і культурнага аднаўлення. Папа працытаваў св. Паўла, які ў Пасланні да Карынцянаў адзначаў блізкую ўзаемасувязь паміж фізічнымі трэніроўкамі і самакантролем, што вядзе да духоўнага жыцця. Папа нагадаў, “аб прыгажосці, таямніцы і патэнцыяле кожнага чалавека”, незалежна ад таго, ці з’яўляецца ён спартсменам ці не.

Святы Айцец адзначыў, што першы раз Кангрэс спартыўнай медыцыны адбываецца ў італьянскай сталіцы і ў ім удзельнічаюць прадстаўнікі 117 краін з розных кантынентаў. Ён падкрэсліў станоўчую здольнасць спорта “аб’ядноўваць людзей і народы”, якая асабліва праявілася падчас Алімпіяды і Паралімпіяды.








All the contents on this site are copyrighted ©.