2012-09-24 13:19:24

Нунцый у Ліване: візіт Папы прынёс радасць і салідарнасць


RealAudioMP3 Падарожжа Папы ў Ліван, закончылася 16 верасня, але яго плёны відавочны ўжо сёння. Так лічыць Апостальскі нунцый у гэтай блізкаўсходняй краіне арцыбіскуп Габрыэле Кача. У інтэрв’ю нашаму радыё дыпламат падзяліўся сваімі думкамі адносна наступстваў візіта Пантыфіка. Ён падкрэсліў, што адным з самых галоўных яго плёнаў стала радасць, якую Папа прынёс у рэгіён пакутуючы ад войнаў, насілля і страху. “Святы Айцец прыбыў з пасланнем міра і ўсе зразумелі, што як сапраўдны рэлігійны лідэр, як чалавек Божы ён прынёс пасланне салідарнасці і братэрства. Усе яшчэ захоўвываюць атмасферу вялікай радасці. Краіна змагла паказаць сваё самае прыгожае аблічча, а візіт даў магчымасці сказаць: разам, супольна, магчыма зрабіць нешта прыгожае, важнае для Лівана і ўсяго Блізкага Усходу”, - адзначыў дыпламат.

На думку арцыбіскупа Кача самымі памятнымі момантамі падарожжа Святога Айца ў Ліван стала св. Імша ў Бейруце і сустрэча Пантыфіка з блізкаўсходняй моладзю. “Энтузіазм моладзі заахвоціў усіх прыняць удзел таксама ў св. Імшы, якая стала супольным сведчаннем веры, радасці, глыбокай дысцыпліны і арганізаванасці, бо дазволіла ўсім перажыць момант вялікага спаткання для цудоўнага сведчання веры”, - сказаў арцыбіскуп Кача.

“Жаданне перажываць такія моманты разам было ўмацавана пасланнем Святога Айца, візітам, супрацоўніцтвам і прысутнасцю шматлікіх мусульман на самых значных падзеях падарожжа. Выключнай і асабліва сардэчнай была сустрэча з чатырма рэлігійнымі лідэрамі мусульманскіх супольнасцяў прысутных у краіне: гэта была сустрэча, якая прынясе яшчэ значныя плёны ў будучыні для дыялога ва ўсім рэгіёне”, - адзначыў дыпламат.

На думку арцыбіскупа выявы з падарожжа Папы ў Ліван, якія распаўсюдзіліся на ўвесь Блізкі Усход дазваляюць лічыць гэту краіну па-сапраўднаму “краінай-пасланнем” і заклікам да міра, узаемнай павагі і любові для рэгіёна і ўсяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.