2012-09-14 12:17:33

Ліванскі друк: Папа нясе надзею на мір у рэгіёне


RealAudioMP3 14 верасня ліванскія газеты прысвячаюць цэлыя палосы гістарычнаму візіту Бэнэдыкта ХVI у гэту блізкаўсходнюю краіну. Англамоўная “Daily Star” і арабскамоўная “Al Safir” апублікавалі вялікія рэпартажы з ўчарашняй прэс-канферэнцыі мараніцкага Патрыярха Бутраса Рая, які акрэсліў мэту візіта Пантыфіка, як заклік да міра на Блізкім Ўсходзе і адзялення рэлігіі ад дзяржавы, дзеля пабудовы дэмакратыі. Гэтыя газеты змяшчаюць таксама на сваіх старонках здымкі з прывітальнымі лозунгамі ў адрас Папы з боку ісламскай арганізацыі “Хэзбала”, падкрэсліваючы, што Пантыфіку рады ўсе ліванцы, незалежна ад веравызнання.
Франкамоўная, папулярная на Блізкім Усходзе, “L`Orient le Jour” зрабіла агляд развіцця сітуацыі ў рэгіёне за апошнія 15 гадоў, якія прайшлі пасля візіта ў Ліван бл. Яна Паўла ІІ. Адзначаецца, што краіна зноў можа даць подых міра, для ўсяго Блізкага Ўсходу. Газета расказвае таямніцу пра падарунак, падрыхтаваны Папе – факсімільнае выданне Евангелля на арабскай мове ад 1590 г.
Арабскамоўныя газеты “Al Nahar”, “Al Mustakbal” і “Al Safir”, прыводзяць словы кардынала Жана Луі Тарана, былога нунцыя ў Бейруце, аб тым, што прысутнасць Святога Айца ў Ліване – гэта заклік да адзінства паміж хрысціянамі і дыялога з вызнаўцамі іншых рэлігій. Цытуюцца словы іерарха аб вялікай ролі адукацыі ў фарміраванні сучаснага талерантнага і адкрытага Лівана.
Армянскі штодзённік “Aztag” прыводзіць заклік прэзідэнта Лівана Мішэля Сулеймана і іншых палітычных дзеячаў краіны, спрыяць таму, каб візіт Святога Айца прайшоў найлепшым чынам.








All the contents on this site are copyrighted ©.