12 верасня была прадстаўлена
праграма візіта Бэнэдыкта ХVI у марыйны санктуарый у Ларэта. Яго Папа здзейсніць 4
кастрычніка для таго, каб даверыць Сінод Біскупаў па новай еангелізацыі і Год веры
заступніцтву Божай Маці. Акрамя таго, візіт Пантыфіка прымеркаваны да 50-й гадавіны
падарожжа бл. Яна ХХІІІ на цягніку ў Ларэта для таго, каб аддаць пад апеку Маці Божай
ІІ Ватыканскі Сабор. Бэнэдыкт ХVI прыбудзе ў Ларэта на верталёце каля 10.00 гадзіны.
Затым на плошчы перад Базылікай Святога Дома ён узначаліць св. Імшу, у якой прыме
ўдзел каля 5 тыс. вернікаў. Пасля літургіі Папа сустрэнецца з кардыналамі і біскупамі
рэгіёну Марке, а таксама з арганізатарамі візіту. Прылёт Святога Айца ў Ватыкан прадугледжаны
позна вечарам.
Арцыбіскуп Ларэта Джаванні Танучы рассказаў, што Святы Айцец
“па прыкладзе Яна ХХІІІ прынясе з сабою ў Ларэта малітвы усяго Касцёла”. На яго думку
гэта пілігрымка паспрыяе паглыбленню разважанняў аб новай евангелізацыі. Іерарх падкрэсліў,
што падарожжа Папы мае вялікае тэалагічнае і гістарычнае значэнне . “Візіт Яна ХХІІІ
у рэгіён Марке быў першым візітам Папы за межы рэгіёна Лацыё пасля аб’яднання Італіі
і даў пачатак новаму стылю працы Наступнікаў св. Пятра”, - сказаў біскуп Танучы.
Ларэта з’яўляецца адным з самых знакамітых італьянскіх санктуарыяў. Паводле
традыцыі, лічыцца што менавіта ў ім захоўваецца дом, у якім жыла і сустрэлася з арханёлам
Габрыэлем Найсвяцейшая Панна Марыя.