2012-09-08 11:49:09

Кс. Ламбардзі: спадзяемся голас Папы ў Ліване будзе пачуты


RealAudioMP3 Аб падарожжы Бэнэдыкта XVI у Ліван разважае у сваёй сённяшняй рубрыцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы і дырэктар Ватыканскага радыё. Ён адзначыў, што гэты візіт Пантыфіка паўсюдна ўспрымаецца як падарожжа адвагі і надзеі. “Бэнэдыкт XVI падпіша дакумент фундаментальнай важнасці для жыцця і місіі Каталіцкага Касцёла на Блізкім Усходзе, служэння Евангеллю і спрыяння дыялогу і міру”, - сказаў езуіт. Ён падкрэсліў таксама, што рашэнне аб падарожжы ў Ліван, дзе пражывае шмат католікаў, было прынята яшчэ да таго, як выбухнуў крывавы канфлікт у Сірыі. “Сёння канфлікт не ставіць падарожжа пад пытанне, але без сумневаў характарызуе той кантэкст, многія праблемы якога, праз два гады пасля правядзення Сінода Біскупаў для Блізкага Усходу, не толькі не былі вырашаны, але нават пагоршыліся”, - адзначыў кс. Ламбардзі. Ён падкрэсліў, што да іх адносяцца мірнае суіснаванне паміж рознымі канфесійнымі і рэлігійнымі групам, дыялог з ісламамі і іўдаізмам, хрысціянская эміграцыя, рэлігійная свабода і дэмакратыя. “Акрамя таго, увесь рух, які быў акрэслены як “арабская вясна” яшчэ не пачаўся у той час, калі Сінод Біскупаў для Блізкага Усходу сабраўся ў Рыме”, - сказаў іезуіт.

Кс. Ламбардзі адзначыў, што ў новай сітуацыі на Блізкім Усходзе прысутнасць Святога Айца становіцца асабліва каштоўнай і пажаданай. “Католікі, хрысціяне, нягледзячы на тое, што з’яўляюцца меншасцю ў рэгіёне, могуць і павінны зрабіць свой уклад праз сведчанне міру і спрыянне цяжкаму і жыццёваму дыялогу. Не толькі народам і шматлікім рэлігійным групам на Блізкім Усходзе, але таксама міжнароднай супольнасці, свету, які здаецца імкнецца не разумець наколькі ціск і сусветныя геапалітычныя амбіцыі могуць трагічна адлюстроўвацца на канфлікце ў рэгіёне”, - сказаў езуіт.
Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што падчас свайго Апостальскага візіта ў Ліван Бэнэдыкт XVI уздыме гучны вокліч надзеі і жадання міра для ўсяго Блізкага Усходу. “Спадзяемся, што яго выслухаюць”, - адзначыў Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.