Бэнэдыкт XVI: працягваць разважанні аб веры Панны Марыі
8 верасня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі XXIII Міжнароднага марыялагічнага
кангрэса, які праходзіць 4-9 верасня ў Рыме. Папа адзначыў, што тэма форума “Марыялогія
пачынаючы ад ІІ Ватыканскага Сабора”, з’яўляецца вельмі своечасовай, бо як раз зараз
Касцёл адзначае 50-годдзе гэтай вялікай падзеі. Святы Айцец расказаў, што разважанне
над верай Панны Марыі ў гэтым кантэксце з’яўляецца вельмі актуальным, бо ІІ Ватыканскі
Сабор адкрываўся менавіта 11 кастрычніка – у той сам дзень, калі ў далёкім 431 г.,
падчас Эфескага Сабора, Найсвяцейшая Панна Марыя была названа тытулам “Theotokos”
– Маці Божая. Акрамя таго, Папа нагадаў, што ў гэтым годзе, таксама 11 кастрычніка,
у Касцёле пачнецца Год веры, аб якім ён абвясціў сваім спецыяльным дакументам “Porta
fidei”, у якім Панну Марыю прадставіў як прыклад веры. Нарэшце, Папа нагадаў, што
сёння, Касцёл святкуе літургічны успамін Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Бэнэдыкт
XVI расказаў, што будучы маладым тэолагам, у якасці эксперта прымаў удзел у працах
ІІ Ватыканскага Сабоа і меў магчымасць пазнаёміцца з рознымі падыходамі да вывучэння
ролі Панны Марыі ў гісторыі збаўлення. Ён адзначыў, што ў той час існавала група Айцоў
Сабора, якая настойвала на тым, каб Марыі быў прысвечаны асаблівы раздзел у дагматычнай
канстытуцыі аб Касцёле “Lumen gentium”. Аднак існавала таксама і іншая група, якая
настойвала на стварэнні асобнага дакумента прысвечанага Маці Божай. Папа расказаў,
што ў выніку галасавання, якое прыйшло 29 кастрычніка 1963 г., перавага была аддадзена
першай прапанове і такім чынам Марыя была “ўключана ў фундаментальныя таямніцы хрысціянскай
веры”. “Марыя, верай якой была адзначана асаблівым чынам, была зразумета ў таямніцы
любові і адзінстве са Святой Тройцай; яе супрацоўніцтва з Божым планам збаўлення і
пасярэдніцтва з Хрыстом было ясна падкрэслена і прызнана дапамогай. Такім чынам, яна
стала прыкладам і апорай Касцёла, які ў ёй распазнае самаго сябе, уласнае пакліканне
і місію”, - сказаў Папа.
Паводле Святога Айца тэкст Сабора не раскрывае ўсіх
тэмаў звязаных з Паннай Марыяй, але з’яўляецца кропкай апоры для далейшых разважанняў
у тэалагічнай, духоўнай і душпастрыскай сферах. Да гэтага ён заклікаў удзельнікаў
Марыялагічнага кангрэса, каб вера Марыі суправаджала вернікаў у іх дзейнасці і жыцці
паводле паклікання дзяцей Божых.