2012-09-07 13:23:42

Копцкі біскуп: прысутнасць Папы ў Ліване сведчыць, што мы не адны


RealAudioMP3 Сталіца Лівана рыхтуеца да візіта Бэнэдыкта XVI, які пачнецца 14 верасня. Уздоўж дарог горада ўжо размешчаны флажкі і плакаты з выявамі Папы, а ва ўсіх дыяцэзіях краіны пачаліся малітоўныя ініцыятывы ў рамках падрыхтоўкі да візіту. 12 верасня з розных канцоў горада выйдуць 4 працэсіі моладзі, якія спаткаюцца ў так званым “садзе Марыі”. Тут адбудзецца чуванне з чытаннем ісламскіх і хрысціянскіх тэкстаў, у якім, як мяркуецца, прымуць удзел некалькі тысяч вернікаў. Па задуме арганізатараў, такая малітоўная сустрэча паклікана паказаць свету, што Ліван можа стацца прыкладам сумеснага існавання хрысціян і мусульман. У ёй прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх рэлігій якія прысутныя ў краіне. У інтэрв’ю для нашага радыё егіпецкі копцкі біскуп Кірылас Уільям адзначыў, што візіт Папы стане важнай падзеяй таксама для хрысціян Егіпту, якія з вялікай радасцю і верай чакаюць яго. “Блізкі Усход перажывае цяжкі момант і візіт Папы нас умацуе, прынясе супакой і надзею, а таксама веру ў тое, што мы не адны, што ўвесь Касцёл думае пра нас і нас падтрымлівае. Асаблівасць хрысціянства на Блізкім Усходзе ў тым, што вызнаўцаў Хрыста тут няшмат, але яны маюць сэрца, поўнае любові і па-братэрску адкрытае на ўсіх. Уся дзейнасць, асабліва сацыяльная, што праводзіць тут Касцёл, не абмінае нікога, таму што гэтая праца з’яўляецца практычным і рэальным знакам Евангелля”, – адзначыў іерарх.

На думку біскупа Уільяма, візіт Папы дапаможа ў наладжванні міра і дыялога паміж прадстаўнікамі розных рэлігій на Блізкім Усходзе.










All the contents on this site are copyrighted ©.