2012-09-05 11:45:07

Малітва робіць хрысціянскае жыццё сапраўдным


RealAudioMP3 5 верасня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі падчас агульнай аўдыенцыі ў Залі Паўла VI у Ватыкане. Цяпер аўдыенцыі будуць праходзіць менавіта тут, а не ў Кастэль Гандольфа, як гэта было на працягу папярэдніх летніх месяцаў. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў малітве ў кнізе Апакаліпсіса св. Яна. “Гэта складаная кніга, але якая ўтрымлівае ў сябе вялікае багацце. Яна знаёміць нас з жывой і пастаяннай, малітвай хрысціянскай супольнасці, сабранай “у дзень Пана” (Ап 1,10): гэта – асноўная лінія, уздоўж якой развіваецца тэкст”, - сказаў Папа. Святы Айцец адзначыў: Апакаліпсіс св. Яна прадстаўляе сабой дыялог паміж лектарам і супольнасцю, якая слухае тэкст адкрыты Богам апосталу. Мы ў сваю чаргу, слухаючы і назіраючы за імі, робім іх малітву нашай. Пантыфік патлумачыў, што у першай частцы Апакаліпсіса, малітва супольнасці вернікаў прадстаўлена у трох фазах. Першая – гэта дыялог паміж супольнасцю і лектарам. Вернікі, напаўняюцца радасцю і энтузіазмам, калі чуюць імя Езуса Хрыста, а сваім “амэн” заканчваюць гімн праслаўлення Пана. “Ужо гэтыя першыя радкі ўтрымліваюць у сябе вельмі каштоўныя указанні для нас. Яны кажуць, што наша малітва – гэта перш за ўсё слуханне Бога, які прамаўляе. Абцяжараныя шматлікімі словамі, мы не вельмі прызвычаіліся слухаць, асабліва паглыбляцца ва ўнутраную і знешнюю цішыню для таго, каб быць уважлівымі да таго, што Бог нам хоча сказаць. Гэтыя радкі навучаюць нас, што наша малітва, якая часта з’яўляецца просьбай, павінна быць перш за ўсё праслаўленнем Бога за Яго любоў, за дар Езуса Хрыста, які прынёс нам сілу, надзею і збаўленне”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец адзначыў, што супольнасць вернікаў, слухаючы апавяданне аб тым, што Езус, вернецца на зямлю і будзе праслаўлены народамі, якія будуць прасіць прабачэння за грахі і ісці за ім, таксама станоўча адказвае “Так! Амэн!”.

“І тут мы знаходзім іншы важны элемент: пастаянная малітва абуджае адучуванне прысутнасці Бога ў нашым жыцці. Гэта прысутнасць нас падтрымлівае, накіроўвае і даруе вялікую надзею сярод цемры пэўных чалавечых падзей. Малітва – ніколі не можа быць самаізаляцыяй ці стэрыльнасцю, але жывой ніццю, праз якую хрысціянскае існаванне насычаецца і становіцца больш дзейсным і сапраўдным”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI расказаў, што ў другой фазе малітвы хрысціянскай супольнасці апісанай у Апакаліпсісе св. Яна паглыбляюцца адносіны з самім Езусам Хрыстом: Пан аб’яўляецца, прамаўляе, дзейнічае, а супольнасць , набліжаецца да Яго, слухае, рэагуе і прымае. Вернікі слухаючы аб досведзе сустрэчы св. Яна з Богам, самі разважаюць над ім і робяць уласным.

Нарэшце ў трэцяй частцы першага фрагмента Апакаліпсіса, лектар прапануе супольнасці пасланне ў якім сам Езус прамаўляе ад першай асобы. Ён звяртаецца да сямі Цэркваў, падкрэсліваючы іх заслугі і недахопы, і адначасова заклікаючы іх да навяртання. “Гэта слова Езуса, калі будзе выслухана з верай, адразу пачне быць плённым: Касцёл у малітве, прымаючы слова Пана змяняецца. Усе Цэрквы павінны пачаць уважліва слухаць Бога”, - сказаў Папа і дадаў, што такім чынам супольнасць вернікаў з Апакаліпсіса атрымала стымул для пакаяння, навяртання, настойлівасці, узрастання ў любові і адшукання правільнага шляху.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што пастанная малітва спрыяе нашу набліжэнню да Бога і дазваляе Яму увайсці ў наша жыццё, кіраваць ім, напоўніць радасцю і мірам. “Чым больш мы пазнаём, любім і наследуем Езуса, тым больш адчуваем патрэбу спыніцца і маліцца з Ім, атрымліваючы спакой, надзею і сілу для нашага жыцця”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.