2012-09-02 14:29:36

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі” аб небяспецы фальшывай рэлігійнасці


RealAudioMP3 2 верасня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі на традыцыйнай малітве “Анёл Панскі”. Яна прайшла на плошчы перад Апостальскім палацам летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль Гандольфа. Разважаючы над евангельскім фрагментам, які чытаецца падчас сённяшняй літургіі, Папа падкрэсліў, што часта Божы Закон не з’яўляецца для людзей важным, жыццёвым правілам; але становіцца больш знешняй абалонкай. Таму Святы Айцец нагадаў аб небяспецы фальшывай рэлігійнасці і заклікаў вернікаў маліцца, каб Слова Божае штодзённа кіравала іх думкамі, выбарамі і учынкамі. “Дарагія браты і сёстры! – прывітаў вернікаў Папа – У літургіі гэтай нядзелі ўздымаецца тэма Закона Божага, яго запаведзяў: самага важнага элемента яўрэйскай рэлігіі, а таксама хрысціянства, які знаходзіць сваё спаўненне ў любові (пар. Рым 13,10). Закон Божы – гэта Яго Слова, якое вядзе чалавека па жыццёвым шляху, дае яму магчымасць выйсці з рабства эгаізма і ўводзіць у “зямлю” свабоды і жыцця. Таму ў Бібліі Закон не бачыцца як цяжар, прыгнятаючае абмежаванне, але як самы каштоўны дар Бога, сведчанне Яго бацькоўскай любові, Яго жадання быць блізка да свайго народа, быць яго Саюзнікам і з яго дапамогай пісаць гісторыю любові. Так маліўся пакорны ізраіліцянін: “У Тваіх пастановах – маё захапленне, не забуду Твайго слова. (...) Вядзі мяне сцежкамі Тваіх запаведзяў, бо ў іх маё шчасце” (Пс 119,16.35). У Старым Запавеце, той, хто ў імя Бога перадаў Закон народу – гэта Майсей. Ён, пасля доўгага вандравання па пустыні, каля парогаў абяцанай зямлі, казаў так: “Зараз, Ізраэль, паслухай закон і правілы, якім я цябе навучу, каб імі жыць, і такім чынам авалодаць зямлёй, якую Пан, Бог вашых Айцоў, вам дае” (Дрг 4,1).

Вось у чым праблема: калі народ пасяліўся на зямлі, ён адкінуў Закон і спрабаваў запэўніць сябе бяспеку і радасць тым, што не было больш Словам Божым: дабротамі, уладай, іншымі “бажкамі”, якія ў рэчаіснасці былі пустымі ідаламі. Канешне, Закон Божы застаўся, але не з’яўляўся больш нечым важным, жыццёвым правілам. Ён стаў знешняй абалонкай, пакрыццём, у той час як жыццё ішло па іншай дарозе, іншым правілам, часта эгаістычным індывідуалістычным ці групавым інтэрэсам. У такім выпадку рэлігія губляе свой сапраўдны сэнс, які заключаецца ў тым, каб жыць слухаючы Бога і выконваючы Яго волю. Часта рэлігія абмяжоўваецца практыкаваннем другасных звычаяў, які задавальняюць перш за ўсё патрэбу чалавека адчуваць сябе ў парадку перад Богам. У гэтым заключаецца вялікая рызыка кожнай рэлігіі, якую Езус раскрыў у свой час, але якую, нажаль, можна таксама ўбачыць, у хрысціянстве. Таму словы Езуса ў сённяшнім Евангеллі, скіраваныя супраць кніжнікаў і фарысеяў павінны таксама і нас прымусіць задумацца. Езус робіць сваімі словы прарока Ісаіі: “Гэты народ шануе Мяне вуснамі, а сэрца іх далёка ад Мяне. Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы людскім запаведзям” (Мк 7, 6-7; пар Іс 29,13). І затым кажа: “Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі” (Мк 7,8).

Таксама і апостал Якуб, у сваім Пасланні, звяртае ўвагу на небяспеку фальшывай рэлігійнасці. Ён пісаў хрысціянам: “Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе” (Як 1,22). Панна Марыя, да якой зараз звернемся ў малітве, няхай дапаможа нам з адкрытым і шчырым сэрцам слухаць Слова Божае, каб яно штодзённа кіравала нашымі думкамі, выбарамі і учынкамі”.

Пасля заканчэння малітвы “Анёл Панскі” Папа традыцыйна прывітаў сабраных пілігрымаў на розных мовах свету. Святы Айцец асабліва прывітаў вернікаў з Лівана, запэўніў іх у сваёй малітве і адзначыў, што вельмі рады хутка наведаць іх краіну. Апостальскае падарожжа Папы ў Ліван пройдзе 14-16 верасня.








All the contents on this site are copyrighted ©.