2012-08-31 16:03:37

Ці сумяшчальныя экуменізм і новая евангелізацыя? Кангрэс “Renovabis” у Германіі


RealAudioMP3 Новая евангелізацыя не магчыма без экуменічных намаганняў. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі XVI Кангрэсу “Renovabis”, які праходзіць у гэтыя дні ў нямецкім Фрайзінгу, дзе знаходзіцца штаб-кватэра аднайменнага дабрачыннага фонду. Прычым, з такім падыходам згаджаюцца ўдзельнікі як з каталіцкага, так і праваслаўнага бакоў. Сусветны Касцёл прайграе бітву за сучаснага чалавека, яго хрысціянскую душу і каштоўнасці, калі не стане гаварыць адным голасам; ён задыхнецца ў бяздушнасці секулярызму, калі не будзе дыхаць “двума лёгкімі”, як назваў Касцёлы Усходу і Захаду бл. Ян Павел ІІ. Кс. Мілан Жуст, супрацоўнік усходняй секцыі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, удзельнік Канрэсу, упэўнены, што усходняя і заходняя традыцыі ўзаемадапаўняльныя. Кожны пранёс праз вякі самае каштоўнае, што было закладзена на самым пачатку.

“У евангелізацыі вельмі важна паглябляць сваю веру, пашыраць хрысціянскі далягляд. Мы ведаем, што католікі, (якія, як мы верым, захавалі ўсю паўнату веры) пасля падзелу паміж хрысціянамі развівалі адны віды духоўнасці і тэалогіі, а на Усходзе, праваслаўныя, іншыя. Я думаю, што гэта – узаемнае знаёмства, якое магчыма пры ўзаемнай дапамозе адно аднаму, спыряе даверу. У гэтай сферы “Renovabis” робіць шмат важнага, бо дапамагае не толькі католікам, але і праваслаўным. Праз гэта супрацоўніцтва расце давер, мы лепш пазнаём адно аднаго. Я думаю, што для новай евангелізацыі вельмі важна, павялічыць свае веды аб хрысціянскай традыцыі і гэта дапаможа нам паглыбіць нашу веру”, - сказаў кс. Мілан Жуст.



І Праваслаўная Царква, і Каталіцкі Касцёл не маюць сёння сумневу ў патрэбе супольных намаганняў па абвяшчэнні Евангелля па-новаму, больш даступна для сучанага чалавека. І менавіта Усходняя Еўропа з’яўляецца месцам, дзе экуменізм можа запрацаваць таксама па-новаму, лічыць кс. Ігар Кавалеўскі, генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі.

“Новая евангелізацыя мае шырокае экуменічнае вымярэнне і па-сутнасці Каталіцкі Касцёл і Руская Праваслаўная Царква гэта пастаянна падкрэсліваюць, бо мы пакліканы супольна сведчыць аб хрысціянскіх каштоўнасцях. Не дарэмна на кангрэсе прысутнічаюць таксама і прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы. Я думаю, што Еўропа зараз мае патрэбу ў аб’яднаных намаганнях усіх хрысціянскіх канфесій для абвяшчэння евангельскіх каштоўнасцяў”, - сказаў кс. Ігар Кавалеўскі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска Магілёўскі, прызнаўся, што не аднойчы на практыцы зведаў моц супольных намаганняў католікаў і праваслаўных у вырашэнні самых гарачых маральных і сацыяльных праблем сучаснасці.

“Мы павінны разам узяцца і сумесна апрацоўваць планы новай евангелізацыі, новага абвяшчэння Евангелля. Трэба нанова запаліць вагонь Евангелля ў людзях, якія называюць сябе хрысціянамі. Сапраўды, іх нешта злучае з Касцёлам ці Царквой, з хрысціянствам, аднак гэта хрысціянства вельмі слабое і плыткае. І гэта якраз добрае поле для супрацоўніцтва, для таго, каб адзін аднаму дапамагаць. Я мяркую што гэты кангрэс “Renovabis” на тэму “Адраджэнне веры і пошук новых шляхоў евангелізацыі”, указвае на тое, што адным з гэтых шляхоў можа быць таксама экуменічнае дзеянне, сумесныя праграмы па абвяшчэнне Божага Слова католікаў разам з праваслаўнымі”, - лічыць арцыбіскуп Кандрусевіч.

Удзельнікі кангрэсу сёння ў невялікіх тэматычных групах абмеркавалі складанасці, звязаныя з новай евангелізацыяй. Тут яны маглі дыскутаваць над самым шырокім спектрам праблем, пачынаючы ад новых медыя-тэхналогій і заканчваючы “балтыйскім шляхам” адновы ў Касцёле. Сённяшні дзень закончыцца адкрытай дыскусіяй па ўзнятых на форуме пытаннях, падчас якой кожны будзе мець магчымасць адкрыта і шчыра выказаць свае думкі аб тым, што яго хвалюе.








All the contents on this site are copyrighted ©.