2012-08-30 16:04:46

Пачынаецца сустрэча “Кола вучняў прафесара Ратцынгера”


RealAudioMP3 30 жніўня ў Кастэль Гандольфа пачалі прыбываць члены “Кола вучняў прафесара Ратцынгера”, аб’яднання былых студэнтаў Бэнэдыкта XVI, якое сфарміравалася ў час калі Папа выкладаў у рэгенсбургскім універсітэце. Сустрэча, якая пройдзе за закрытымі дзвярыма, сёлета будзе прысвечана тэме экуменізма, а ў прыватнасці адносінам паміж католікамі, лютэранамі і англіканамі. Адпраўной кропкай для дыскусіі будзе кніга кардынала Вальтэра Каспера, былога старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству: “Збор пладоў – асновы хрысціянскай веры ў экуменічным дыялогу”, якая была апублікавана ў 2009 г. У інтэрв’ю нашаму радыё, адзін з былых вучняў Папы, цяперашні арцыбіскуп Венскі кардынал Крыштаф Шонборн расказаў аб змесце сустрэчы. Ён адзначыў, што тэма экуменізма з’яўляецца вельмі блізкай Святому Айцу і менавіта таму ён абраў яе для абмеркавання. Кардынал Шонборн падкрэсліў, што ў цэнтры разважанняў будзе пытанне аб тым, якое значэнне мела Рэфармацыя для жыцця Касцёла, а таксама – што такое сапраўдная рэформа, у якой мы маем патрэбу сёння.

“Гэта акадэмічнае кола – таму у ім, тое, што важнае – гэта аргументы. Канешне, паміж намі ёсць сяброўства: мы сустракаемся кожны год на працягу 30 гадоў і зараз амаль усе дасягнулі пенсійнага узросту! Святы Айцец – самы малады сярод нас. Заўсёды так было, так я жыў усе гэтыя гады: Папа, перш за ўсё чалавек разважлівы; тое, што для яго важна – гэта аргументы і пошук праўды. І такім чынам, калі б паміж намі не было адкрытай дыскусіі – гэта не было б кола вучняў з іх прафесарам! Я думаю, што гэта атмасфера пошуку праўды – гістарычнай, філасофскай ці тэалагічнай – ніколі не змянялася, але падкрэслівалася заўсёды і сяброўства”, - сказаў іерарх.

Сустрэча Папы са сваімі былымі вучнямі працягнецца да 2 верасня. У ёй прымуць удзел сярод іншых кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, швейцарскі біскуп і былы рэктар Папскага універсітэта імя св. Тамаша з Аквіну Чарльз Морэро і многія іншыя вядомыя выкладчыкі і тэолагі.








All the contents on this site are copyrighted ©.