2012-08-30 15:43:31

Кангрэс у Германіі дапаможа католікам з Усходняй Еўропы абвяшчаць Евангелле па-новаму


RealAudioMP3 Вялікая беларуская дэлегацыя прымае ўдзел у Кангрэсе “Renovabis”, які ладзіць штогод аднайменны дабрачынны фонд з Германіі. Ён пачаўся 30 жніўня ў Фрайзінгу каля Мюнхена. Адметнасць групы з Беларусі – яе экуменічнасць; у яе склад уваходзяць як католікі, так і праваслаўныя. І гэта не дзіўна, бо перад Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой стаяць падобныя выклікі, адказам на якія з’яўляецца новая евангелізацыя – заданне аднолькавае для дзьвух Цэркваў. І тэма сёлетняга Кангрэсу: “Новыя шляхі евангелізацыі ў Еўропе” – запрашае да такога супрацоўніцтва

На думку арцыбіскупа Роберта Цоліча, галоўнага дакладчыка форуму, заклік да новай евангелізацыі ўпершыню асабліва моцна скіраваў сённяшні папа Бэнэдыкт XVI. Больш таго, менавіта яна стала краевугольным каменем яго пантыфікату. На думку іерарха, неабходнасць новага абвяшчэння Евангелля трэба разглядаць “глабальна”, у поўным значэнні гэтага слова. Важна вярнуцца да “Касцёла, які жадае і ўмее служыць”, лічыць арцыбіскуп Цоліч.

“У наш час, сярод сучасных народаў, паказаць сябе па-новаму, загучаць па-новаму, для чаго патрэбна новая мова, новыя вобразы, новае мысленне, каб знайсці чалавека, які стаіць за нашымі дзьвярыма – гэта цэнтральнае заданне новай евангелізацыі. Трэба сказаць, што веды тут неабходныя, але яны павінны весці да перажывання, асабістага досведу, які павінен прайсці праз мяне, патрапіць у маё сэрца”, - адзначыў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі.

Кс. Томаш Галік заклікаў не атаесамліваць новую евангелізацыю з “рэкаталіцызацыяй” – яе можна параўнаць скарэй з “хрысціянізацыяй па-новаму”. Новую евангелізацыю не можна абмежаваць да стварэння нейкіх знешніх структур. Гэта зварот да глыбіні веры, вяртанне да саміх сябе. Аднова тэалагічная і духоўная – гэта таксама заданні, якія стаяць сёння перад Касцёлам. Новая евангелізацыя – гэта евангелізацыя праз дыялог. І трэба яго шукаць з сучасным чалавекам. Бо праблема апошняга ў тым, што не шукае адказаў, бо забыўся самі пытанні, звярнуў увагу кс. прафесар Халік.

“Праз 50 гадоў пасля заканчэння ІІ Ватыканскага Сабору трэба паставіць сабе пытанне, ці Касцёл застаўся верны сваім абяцанням. Ці можа Касцёл сёння святкаваць “залаты юбілей” Сабору з задавальненнем разам з сучасным чалавекам. Я думаю, што яшчэ шмат трэба зрабіць. Таму новая евангелізацыя павінна сапраўды быць новай. Трэба пранікнуць унутр, паглядзець глыбей, узняць духоўныя пытанні і змагацца з духоўнымі праблемамі”, - гэта, на думку тэолага і святара, галоўныя задачы Касцёла ў Еўропе.


Дырэктар “Renovabis”, кс. Штэфан Дартман звярнуў увагу на неабходнасць пошуку “тэрапіі” для хвароб сучаснай еўрапейскай цывілізацыі. Паводле яго, Касцёл перш за ўсё сам павінен вярнуць давер да сябе самаго.

Кангрэс не выпадкова прысвечаны новай евангелізацыі. Форум з’яўляецца адказам на абвяшчэнне Бэнэдыктам XVI Году веры і правядзенне ў Ватыкане кастрычніцкага Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі. Арганізатары паклапаціліся максімальна дапамагчы 340 удзельнікам адказаць на пытанне – якім чынам па-новаму абвяшчаць Евангелле сучанай Еўропе. Гэтаму паспрыяюць і даклады, і круглыя сталы, і гарачыя дыскусіі, а таксама асабістыя сустрэчы і абмен думкамі.

Фонд “Renovabis” рэалізаваў у 2011 г. 826 праектаў у 29 краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на агульную суму 27,6 млн. еўра – 11,65 млн. еўра на душпастырскія, 10, 21 млн. на адукацыйныя і 5,73 на праекты па падтрымцы арганізацый свецкіх католікаў і каталіцкіх СМІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.