2012-08-29 12:03:11

Св. Ян Хрысціцель – прыклад для сучасных хрысціян


RealAudioMP3 29 жніўня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі. Яна прайшла на плошчы перад Апостальскім палацам летняй рэзідэнцыі Рымскіх пантыфікаў у Кастэль Гандольфа. Папа звярнуўся да сабраных са словамі катэхезы, якую прысвяціў успаміну мучаніцтва св. Яна Хрысціцеля, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле сёння. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што Ян Хрысціцель, гэта адзіны святы, які ў Рымскім літургічным календары узгадваецца ў сувязі са сваім нараджэннем і смерцю. Гэта тлумачыцца яго асаблівым шанаваннем яшчэ з першых стагоддзяў хрысціянства. Папа падкрэсліў таксама, што культ св. Яна Хрысціцеля быў распаўсюджаны, як на Захадзе так і на Усходзе. “У Евангеллях праяўляецца вельмі ясна роля Хрысціцеля ў адносінах да Езуса. У прыватнасці, св. Лука расказавае аб яго нараджэнні, жыцці на пустыні, прапаведванні, а св. Марк аб яго драматычнай смерці”, - сказаў Папа. Ён адзначыў, што Ян Хрысціцель прапаведваў у часы імператара Тыберыя, у перыяд паміж 27 г.-28 г. н.э. Сваю місію святы разумеў, як падрыхтоку дарогі Пану праз заклік людзей да радыкальнага навяртання сэрца. Акрамя таго, Ян Хрысціцель прызнаваў Езуса Хрыста “ягнём Божым”, які прыйшоў, каб змыць грахі свету і такім чынам дапамагаў людзям развівацца, слухаць Езуса і ісці за Ім. Таксама Папа падкрэсліў, што Ян Хрысціцель уласнай крывёй засведчыў аб вернасці Божым запаведзям, “не адступіўшы і давёўшы да канца сваю місію”. “Менавіта з любові да праўды, не ішоў на кампрамісы і не баяўся з цвёрдымі словамі звяртацца да тых, хто згубіў шлях да Бога”, - сказаў Папа.


“Адкуль паходзіць такое прамое і паслядоўнае жыццё, цалкам прысвечанае Богу, для таго, каб падрыхтаваць шлях Езусу? Адказ вельмі просты: ад адносінаў з Богам, малітвы, якая была стрыжнем яго існавання. Ян – гэта Божы дар, аб якім доўга прасілі Яго бацькі, Захарый і Альжбета; дар вялікі, на які немагчыма было спадзявацца па-чалавечы, бо абодва былі ў гадах, а Альжбета была бясплоднай; аднак нічога немагчыма для Бога”, - сказаў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што абвяшчэнне навіны аб нараджэнні Яна Хрысціцеля адбылося ў месцы малітвы – у Ерузалемскай святыні. Таксама і нараджэнне яго суправаджалася малітвай – Захарыя узносіў падзяку Богу. Затым, Ян Хрысціцель сам жыў у пустыні, дзе адзінай яго апорай быў Бог. “Хрысціцель – гэта не толькі чалавек малітвы, але таксама і кіраўнік ў адносінах з Богам”, - падкрэсліў Папа.

“Cвяткаванне ўспаміну мучаніцтва св. Яна Хрысціцеля, нагадвае таксама і нам, сучасным хрысціянам, што нельга ісці на кампрамісы з любоўю Хрыста, Яго Словам, Праўдай. Хрысціянскае жыццё прадугледжвае, пэўнае “мучаніцтва” у штодзённай вернасці Евангелю, адвагу неабходную, каб дазволіць Хрысту расці ў нас і кіраваць нашымі думкамі і ўчынкамі. Але гэта можа наступіць у нашым жыцці толькі дзякуючы пастаянным адносінам з Богам. Малітва – гэта не згублены час, не час скрадзены ў дзейнасці, нават апостальскай, але як раз наадварот: толькі калі будзем жыць вернай, пастаяннай, даверлівай малітвай, сам Бог дасць нам здольнасці і сілу каб жыць у шчасці і спакоі, перамагаць цяжкасці і сведчыць аб ім з адвагай”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў маліцца, каб св. Ян Хрысціцель заўсёды дапамагаў ставіць Бога на першае месца у жыцці.








All the contents on this site are copyrighted ©.