2012-08-28 14:00:55

Навуковец: Ліван – прыклад для іншых арабскіх краін


RealAudioMP3 Ліван, які ў верасні 2012 г. наведае Бэнэдыкт XVI, хоць і невялікая дзяржава, але з’яўляецца па-сапраўднаму плюралістычнай і таму можа быць прыкладам для іншых арабскіх краін. Такога меркавання прытрымліваецца кс. Халіль Самір, прафесар Папскага ўсходняга інстытута, спецыяліст у галіне ісламістыкі і гісторыі арабскага свету. Навуковец, у інтэрв’ю агецтву “KNA”, гаворачы аб асаблівым значэнні Лівана для Блізкага Усходу, нагадаў, што яшчэ бл. Яна Павел ІІ называў яго “пасланнем для свету”. Кс. Самір звярнуў увагу на важнасць запланаванай сустрэчы Святога Айца з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх і нехрысціянскіх рэлігій: пратэстантызму, праваслаўя, розным накірункаў іслама. Паводле яго, мэта такой сустрэчы не заключаецца ў абмеркаванні рэлігійных пытанняў, але ў спрыянні пабудове агульнай дзяржавы, у якой ўсе мелі б магчымасць жыць мірна. “Хрысціяне розных канфесій, разам з мусульманамі, павінны сумесна будаваць адзіную нацыю, адкрытую на іншыя культуры і веравызнанні”, - адзначыў святар.








All the contents on this site are copyrighted ©.