2012-08-26 10:48:08

Каталіцкія журналісты хочуць стварыць стратэгічны план развіцця сваіх СМІ ў Беларусі


RealAudioMP3 Ад тэорыі да практыкі. Сёння на І Кангрэсе каталіцкіх СМІ ў Гродне быў апошні дзень. Удзельнікі падвялі вынікі і акрэслілі адзіныя напрамкі далейшага развіцця каталіцкіх медыя. Аднак многія з журналістаў ўжо ўзялі для сябе нейкія дзейсныя прыёмы і практычныя парады сваіх калег, якія, магчыма, будуць пастаянна выкарыстоўваць у сваёй будучай працы. Учора, напрыклад, вопытам дзялілася Алена Кулыгіна – рэдактар інфармацыйна-хрысціянская службы Украіны. Свой даклад яна прысвяціла PR-у – ці можа інструменты “паблік рэлэйшнс” выкарыстоўваць Касцёл? Журналіст адразу сфармулавала паняцце піару, які часта ўспрымаюць менавіта з прыстаўкай “чорны”. Аднак на самой справе – гэта дэфініцыя прапаганды, а піар – гэта актыўны дыялог з грамадствам, гатоўнасць прыўносіць у яго хрысціянскія каштоўнасці, каб зрабіць вобраз Касцёла падобным да вобразу Хрыста.

Дрэнныя весткі самі знаходзяць дарогу ў СМІ і хутка перадрукоўваюцца, а як пракласці дарогу добрым навінам Касцёла – задача як раз піару. Тое, што медыя – адзіны канал паміж Касцёлам і грамадствам – ужо прапісана ў шматлікіх касцёльных дакументах, аднак не ўсе гэта ведаюць і тым больш выкарыстоўваюць. Вось яшчэ благаслаўлёны Ян Павел ІІ параўнаў Касцёл у адносінах да медыя з домам са шкла, да якога прыдуць журналісты і пачнуць заглядаць у вокны. Але Касцёл не павінен баяцца гэтага назірання.

Майстар-клас правёў таксама Павел Левушкан – кіруючы партнёр Цэнтра эфектыўных камунікацый. Ён звярнуў увагу на тое, што сёння запатрабавана не простая інфармацыя, а гісторыя жыцця чалавека. І гэта моцны бок хрысціянскай журналістыкі. Але паўстае праблема – калі мы расказваем гісторыі, то робім гэта нудна. Каталіцкі і хрысціянскі блогер мае неабмежаваныя магчымасці адносін са знешнім светам, выйсця са свайго гетта і размовы са знешнім мірам – і гэта яго задача нумар адзін, перакананы Павел Левушкан.

Журналісты мелі магчымасць паразмаўляць адно з адным у больш цесным фармаце. Падчас круглых сталоў удзельнікі форуму выказалі свае думкі наконт далейшага развіцця каталіцкіх мас-медыя. Сярод стратэгічных прапаноў, заснаванне ў кожнай дыяцэзіі інфармацыйных службаў і прызначэнне адказных за мас-медыя, прафесійная і духоўная фармацыя працаўнікоў СМІ, супрацоўніцтва са свецкімі сродкамі інфармацыі. Журналісты прапанавалі павялічыць колькасць пляцовак для сустрэч і ўвогуле зрабіць Кангрэс штогодным, а таксама ствараць салідныя і прафесійныя СМІ ў профільных касцёльных структурах. Ксёндз Аляксандр Амяльчэня – кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё – нагадаў аб тым, што як ніякія медыя, хрысціянскія маюць свабоду дзейнасці і тэматыкі – тут няма фальшывай паліткарэктнасці і забароненых тэм.

Адной з самым значных ідэй І Кангрэсу Каталіцкіх СМІ стала прапанова Мітрапаліта Тадэвуша Канрусевіча стварыць працоўную групу з прадстаўнікоў усіх дыяцэзій, якая зоймецца падрыхтоўкай стратэгічнага плану развіцця і дзейнасці каталіцкіх СМІ і прысутнасці Касцёла ў медыя-прасторы.








All the contents on this site are copyrighted ©.