2012-08-23 12:00:27

Папа спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Шана


RealAudioMP3 23 жніўня Бэнэдыкт XVI скіраваў спачувальную тэлеграму на імя біскупа тайваньскай дыяцэзіі Каосіюнг Пітера Ліў Чэнг-Чанга ў сувязі са смерцю кітайскага кардынала Пола Шана Куо-Хсі, ардынарыя гэтай дыяцэзіі на пенсіі. Іерарх адыйшоў у вечнасць вечарам 22 жніўня на 89 годзе жыцця у Тайвані, дзе на працягу доўгіх гадоў выконваў сваё пастырскае служэнне. Святы Айцец адзначыў, што быў “глыбока засмучаны навіной аб смерці іерарха і з падзякай Усемагутнаму Богу ўспамінае гады яго адданага служэння” у якасці біскупа Каосіюнга, а таксама ў якасці біскупа Хваліена і старшыні Рэгіянальнай Канфэрэнцыі Біскупаў Кітая. Пантыфік выразіў свае спачуванні духавенству і свецкім вернікам з гэтых дыяцэзій, а таксама ўсяго Касцёла ў Тайвані і запэўніў іх у малітве аб супакоі душы спачылага кардынала. “Далучаюся да вас, і да ўсіх хто зараз смуткуе па ім, у тым ліку да яго братоў езуітаў, і давяраю яго душу міласэрнасці нашага любячага Айца”, - напісаў Папа.

Кардынал Пол Шан Куо-Хсі нарадзіўся ў 1923 г. у Пуянге ў Кітаі. У маладым узросце ўступіў у ордэн езуітаў і працаваў на тэрыторыі Кітая, Філіпін, Вьетнама і Тайваня. У перыяд паміж 1987 і 2006 г. быў старшынёй Біскупскай Канферэнцыі Кітая і шмат прычыніўся да евангелізацыі гэтай краіны, а таксама суседняга Тайваня. У 1988 г. пад яго кіраўніцтвам прайшоў Нацыянальны сімпозіўм па евангелізацыі, падчас якога была выпрацавана евангелізацыйная праграма на апошняе дзесяцігодзе ХХ ст. Шмат клапаціўся аб каталіцкай адукацыі мясцовых свецкіх вернікаў, а таксама пакліканнях да святарства, сярод іх. Заснаваў “Каталіцкі дабрачынны фонд для сацыяльнага дабрабыта”, які шырока дапамагаў бедным, хворым, старым, пакрыўжданым, ахвярам насілля, эмігрантам і заключонным. У 1998 г. з рук Яна Паўла ІІ атрымаў кардынальскі берэт.

Пасля смерці кардынала Шана, Калегія Кардыналаў складаецца з 207 іерархаў, з якіх 118 маюць права выбару Пантыфіка і 89 не маюць гэтага права. Кардыналаў з ордэна езуітаў засталося 7.








All the contents on this site are copyrighted ©.