2012-08-22 11:15:39

Панна Марыя – Каралева на службе Богу і чалавецтву


RealAudioMP3 22 жніўня Бэнэдыкт XVI прысвяціў сваю катэхезу прамоўленую падчас агульнай аўдыенцыі Найсвяцейшай Панне Марыі Каралеве, літургічны успамін якой адзначае Касцёл. Пантыфік расказаў, што гэта свята было ўстаноўлена папам Піем ХІІ у 1954 г. і першапачаткова адзначалася напрыканцы марыйнага месяца – 31мая. Пій ХІІ жадаў паказаць, што Марыя з’яўляецца Каралевай большай чым любое іншае стварэнне, дзякуючы ўзнёсласці сваёй душы і дасканаласці дароў, якія атрымала. У выніку зменаў у літургічным календары, якія адбыліся падчас ІІ Ватыканскага Сабора, ўспамін Панны Марыі Каралевы пачаў адзначацца праз восем дзён пасля ўрачыстасці Унебаўзяцця, каб падкрэсліць блізкую сувязь паміж каралеўскасцю Марыі і праслаўленнем яе цела і душы побач з яе Сынам. “Тут знаходзяцца карані сённяшняга свята: Марыя з’яўляецца Каралевай, бо асаблівым чынам знітавана са сваім Сынам, як на зямным шляху, так і ў хвале нябеснай. Як сцвярджаў Ефрэм Сірыйскі, каралеўскасць Марыі паходзіла з яе боскага мацярынства: Яна Маці Пана, Караля каралёў і паказвае нам Езуса, які з’яўляецца нашым жыццём, збаўленнем і надзеяй”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI заклікаў паразважаць якой Каралевай з’яўляецца Панна Марыя. Ён адзначыў, што каб адказаць на гэта пытанне неабходна паглядзець на яе Сына, Пана сусвету і гісторыі. “Ён быў абвешчаны каралём у момант сваіх пакутаў, перад Пілатам і на крыжы, калі сышоў у самую глыбіню чалавечых мукаў і выканаў найвышэйшы ўчынак любові, - сказаў Святы Айцец, - Яго каралеўскасць не мае нічога супольнага з зямной уладай. Езус – гэта кароль, які служыць сваім слугам, што прадэманстраваў падчас Апошняй вячэры пахіліўшыся, каб вымыць ногі апосталам”.

“Таксама робіць і Марыя: Каралева на службе Богу і чалавецтву; Каралева любові, якая жыве даруючы саму сябе Богу, каб увайсці ў Яго план збаўлення чалавека”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Якім чынам Марыя рэалізуе гэту сваю каралеўскасць служэння і любові? Чуваючы над намі, сваімі дзецьмі: дзецьмі якія звяртаюцца да яе ў малітве, каб падзякаваць і папрасіць яе матычанай абароны і нябеснай дапамогі, пасля таго, як згубілі шлях, прыгнечаныя болем і стрывогай у выніку сумных і неспакойных жыццёвых здарэнняў. У спакоі і цемры існавання, мы звяртаемся да Марыі давяраючы ёй заступніцтва, каб яе Сын мог даць нам ласкі і міласэрнасць неабходныя для нашага зямнога пілігрымавання”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Панна Марыя называлася вернікамі Каралевай на працягу стагоддзяў, у тэксце Ларэтанскай літаніі. У ім Маці Божая называецца Каралевай анёлаў, патрыярхаў, прарокаў, апосталаў, мучанікаў, спаведнікоў, паннаў, усіх святых і сем’яў. “Рытм гэтых старажытных заклікаў і штодзённых малітваў, такіх як “Радуйся Валадарка”, дапамагаюць нам зразумець, што святая Панна, наша Маці побач са сваім Сынам Езусам ў хвале Неба, заўсёды з намі ў нашым штодзённым жыцці”, - сказаў Папа. Ён адзначыў, што шанаванне Марыі з’яўляецца вельмі важным для духоўнага жыцця і заклікаў вернікаў з даверам звяртацца да яе.








All the contents on this site are copyrighted ©.