2012-08-21 17:11:08

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Адкуль з'явіліся "багацці Ватыкана"?


RealAudioMP3 Зусім нядаўна, у студзені 2012 г. на плошчы св. Пятра адбыўся невялікі інцыдэнт. Некалькі дзесяткаў маладых італьянцаў, прыйшлі сюды, каб выказаць пратэст супраць “багацця Касцёла”. Яны паспрабавалі ўстанавіць намёты і выкрыквалі антыкасцёльныя лозунгі, аднак былі стрыманы паліцыяй. Цікава, што тэма “ватыканскіх багаццяў”, ўжо даўно знаходзіцца “ў топе”. Яе кульмінацыяй можна назваць кнігу італьянскага журналіста Джанлуіджы Нуццы “ААА Ватыкан”, якая была перакладзена на 14 моваў і стала бестсэлерам у 2009 г. У ёй аўтар выказвае прэтэнзіі Святому Пасаду ў сувязі інвеставаннем грошай у прадпрыемствы, якія займаюцца аховай здароўя, турызм, банкаўскую сферу і нерухомасць. Журналіст звяртае ўвагу чытачоў на тое, што такім чынам Ватыкан не толькі займаецца клопатам, аб збаўленні душаў, але і зарабляе грошы. Але трэба адзначыць, што практыка інвеставання грошай выкарыстоўвалася Касцёлам пастаянна і яна заўсёды сумяшчалася з евангельскай дзейнасцю. Якім чынам? Паспрабуем разабрацца сёння.

Кіраванне Касцёлам, які складаецца амаль з 1 млрд. вернікаў ва ўсім свеце, а таксама дзейнасцю касцёльных дабрачынных арганізацый, навучальных устаноў і бальніц патрабуе большых ці меншых фінансавых затрат. Акрамя таго, варта нагадаць, што Ватыкан з’яўляецца суверэннай дзяржавай, якая мае больш за 100 пасольстваў ва ўсім свеце, дзесяткі “міністэрстваў”, якімі з’яўляюцца Кангрэгацыі, Папскія рады, камісіі, камітэты і сакратарыяты. Яны усе неабходны для эфектыўнага выканання місіі Касцёла – распаўсюджванні любові і Божага Слова ў свеце. Але калі параўнаць увесь ватыканскі бюджэт, з бюджэтам якой-небудзь буйной кампаніі ці нават аднаго італьянскага парламенту, то акажацца, што Ватыкан расходуе свае сродкі ў некалькі разоў эканомней.

Італьянскі журналіст і ватыканіст Вітторыё Місоры падлічыў, што напрыклад толькі італьянскія дэпутаты двух палат парламенту абыходзяцца падаткаплацельшчыкам амаль ў два разы даражэй чым “каштуе” увесь ватыканскі бюджэт.

Акрамя таго, у сваёй кнізе “Чорныя легенды аб Касцёле” ён прыводзіць цікавую статыстыку. Амаль міліярд католікаў ахвяруюць на патрэбы Касцёла менш, чым сваім супольнасцям ахвяруюць 2,5 млн. амерыканскіх анвентыстаў, не кажучы аб “Сведках Іеговых” і членаў іншых сект. У параўнанні з даходамі ад інвестыцый і ахвяраванняў членаў гэтых супольнасцяў, даходы Ватыкана з’яўляюцца вельмі малымі. Аднак пра іх у свеце гаворыцца з большай незадаволенасцю.

Вітторыё Місоры нагадвае, што ў адрозненні ад розных сект, якія нічога пасля сябе не пакідаюць, Касцёл на працягу стагоддзяў укладаў грошы ў тое, што застанецца назаўсёды – а менавіта ў мастацтва. Паводле справаздачы аб даходах Ватыкана за мінулы год, апублікаванай на пачатку ліпеня 2012 г., асноўным унёсак ў іх быў зроблены Ватыканскімі музеямі, у якія Папы інвеставалі на працягу стагоддзяў. Адзначаецца, што за мінулы год Ватыканскія музеі прынеслі 91 млн. 300 тыс. еўра, а наведала іх больш за 5 млн. чалавек.

Акрамя таго менавіта дзякуючы Касцёлу турысты з усяго свету сёння захапляюцца прыгажосцю еўрапейскіх, а асабліва італьянскіх гарадоў. “Можна задумацца чым бы стаў Рым, які ўяўляў сабой руіны былой імперыі, калі б бесперапыўная дынастыя Рымскіх Пантыфікаў не спрыяла з’яўленню тут славутых “багаццяў”, якія сталі самымі цудоўнымі ў свеце – мастацкіх твораў размешчаных ва ўсіх раёнах горада?”, – пытаецца італьянскі журналіст Вітторыё Місоры.

Ён адзначае, што сёння, аматарам распускаць плёткі “аб багаццях Касцёла”, варта нагадаць, што Рым, пабудаваны Папамі, а таксама яго ваколіцы, жывуць менавіта за кошт турызму. А гэта дзякуючы таму, што Пантыфікі, якія ў эпоху сярэдневечча амаль нічым не адрозніваліся ад іншых свецкіх манархаў, у адрозненні ад іх трацілі свае сродкі на стварэнне вечных твораў мастацтва, якія павінны былі служыць евангельскай місіі Касцёла.

Варта нагадаць таксама пра паходжанне “ватыканскіх грошай”. А для гэтага вернемся ў той час калі Італія ўяўляла сабой тэрыторыю з мноствам незалежных княстваў, у цэнтры якіх знаходзілася Папская вобласць. Дык вось, у 1860 г. жыхары аднаго з паўночных княстваў, П’емонта, напалі на землі Маркі і Умбрыю, якія ўваходзілі ў склад Папскай вобласці. Затым імі былі захоплены ўсе астатнія тэрыторыі разам з горадам Рымам. Уся Папская маёмасць – а гэта сотні манастыроў, тэрыторый, касцёлаў, шпіталёў і школ, была канфіскавана. Паводле міжнародных законаў гэта называецца акупыцыяй і крадзяжом.

Праз некаторы час, праўда, новыя кіраўнікі Італіі, прызналі незаконнасць сваіх учынкаў і вырашылі кампенсаваць выдаткі. У 1929 г., па ўмовах Латэранскіх пагагденняў, былі ўстаноўлены правілы кампенсацыі за згубленую касцёльную маёмасць. Было вырашана, што Італія заплаціць Касцёлу 750 млн. лір, будзе падтрымліваць працу святароў і аплаціць некаторыя крэдыты. Такім чынам грошы, якія былі атрыманы Апостальскай Сталіцай не з’яўляюцца нейкім сурпрызам, але законнай кампенсацыяй за скрадзенае. Затым у часы ІІ Сусветнай вайны пачалося іх інвеставанне ў буйныя кампаніі, каб гэтыя грошы не трапілі ў рукі нацыстаў.

Нягледзячы на гэта, паўтраруся, што даходы Ватыкана не з’яўляюцца вялікімі адносна маштаба дзейнасці Касцёла і той місіі якую выконвае ва ўсіх кутках свету. Каб пацвердзіць і павялічыць празрыстасць сваёй фінансавай сістэмы, на працягу апошніх некалькіх, Ватыкан актыўна супрацоўнічае з камісіямі міжнародных экспертаў, якія праводзяць перыядычныя праверкі з вынікамі якіх можа азнаёміцца любы жадаючы, зайшоўшы на адпаведны сайт, дзе публікуецца такая інфармацыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.